Гісторыя

Пры канцы ХХ стагоддзя адбыліся надзвычай важныя падзеі ў палітычным і культурным жыцці Беларусі. Яны прыйшлі на хвалі новага Адраджэння, ля вытокаў якога стаялі магутныя постаці: мастак і этнограф Лявон Баразна, мастацтвазнавец і гісторык Зянон Пазьняк, гісторыкі Мікола Ермаловіч, Міхась Ткачоў, Міхась Чарняўскі, фальклярыст і краязнавец Генадзь Каханоўскі… Крыху пазней ідэя беларускасці акумулявалася ў творчым асяродку, шырока вядомым цяпер як «Паддашак», дзе гаспадаром быў іх блізкі сябар і паплечнік Яўген Кулік. Выдатны мастак-графік, чалавек энцыклапедычных ведаў, бліскучы арганізатар, ён праз усё жыццё пранёс вялікую любоў да Бацькаўшчыны ды стаў галоўным ідэолагам стварэння і дзейнасці суполкі «Пагоня».

Стварэнне творчай суполкі «Пагоня» было лагічным вынікам працэсу, што адбываўся цягам двух дзясяткаў гадоў. Гэтая перадгісторыя адметная знакавымі падзеямі ў культурным жыцці краіны — мемарыяльнай выставай твораў Лявона Баразны, выставамі да 100-гадовага юбілею Алаізы Пашкевіч (Цёткі), да 150-годдзя Кастуся Каліноўскага, да 500-годдзя Міколы Гусоўскага ды іншымі публічнымі імпрэзамі. Афіцыйнае ж афармленне стала магчымым толькі пры канцы 80-х гадоў. 31 жніўня 1990 года на ўстаноўчым сходзе быў прыняты Статут суполкі «Пагоня» як структурнай часткі Беларускага саюза мастакоў (тады — Саюза мастакоў Беларусі). Ён быў падтрыманы ХІІІ з’ездам гэтага Саюза і зарэгістраваны за № 0333 Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь 10 красавіка 1992 года. У першым складзе ў «Пагоню» ўваходзілі 58 сяброў Беларускага саюза мастакоў. На пачатку 90-х да яе далучыліся мастакі маладзейшай генерацыі, а ў акцыях і выставах бралі ўдзел таксама найбольш сведамыя студэнты Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута, а таксама мастакі-беларусы з Летувы, Латвіі, Польшчы, Расеі. Тэндэнцыя пашырэння назіралася і ў далейшым.

Ва ўступным слове Статута суполкі было запісана: «Беларускі народ, маючы за сваімі плячыма тысячагадовую гісторыю, перажывае складаны і няпросты час духоўнага адраджэння. Якімі прыйдзем у новае тысячагоддзе — свабоднымі і разняволенымі, без накінутых на нас путаў, або духоўна абкрадзенымі жабракамі, залежыць ад нашай нацыянальнай самасвядомасці, ад нашага спасціжэння ідэалаў Бацькаўшчыны, як роўнай сярод роўных краін, суверэннай і незалежнай. Па сваёй, а найболей па чужой волі мы шмат чаго страцілі на сваім шляху: і тады, калі з нас выбівалі родную мову, а потым мы ўжо самі цураліся яе; і калі ад нас хавалі, падмянялі на чужую, перакручвалі, як хто хацеў, нашую гісторыю, а мы з лёгкасцю аддавалі свету, іншым народам, іншым гісторыям і культурам сваіх лепшых сыноў і дачок; і тады, калі мы, аслепленыя, паслухмяна ішлі за чужымі пастырамі, калі жыцці і таленты аддавалі за накінутыя нам ілжэідэалы; калі генацыд і тэрор чужой улады ўшчэнт знясілілі і абяскровілі нас, а манкруты-кіраўнікі, забыўшыся на свой народ і яго пакуты, пакорліва адвешвалі паклоны Маскве, выслугоўваючы ласку «моцнага цэнтру». Мы цярпелі, чакалі — і дажылі да нацыянальнай культурнай катастрофы, да пагрозы радыяцыйнай смерці народа. Мы шмат што згубілі, але не настолькі, каб забыцца, хто мы ёсць і адкуль мы. Нашая спадчына яшчэ не настолькі растрэсеная і занядбаная, каб не адчуваць яе сілы, яе магутнага падмурка».

Сустрэча ў Вільні. Пачатак 1980-х гадоў
Сустрэча ў Вільні.
Злева направа: Янка Багдановіч, жонка Лявона Луцкевіча Галіна Войцік, Мікола Купава, Зоська Верас, унук Зоські Верас Яраслаў, Яўген Кулік, Вячка Целеш.
Пачатак 1980-х гадоў

25 гадоў творчага аб’яднання — дата паважная і аптымістычная. Паважная таму, што на шляху яго існавання адбываліся змены гістарычных эпохаў, аптымістычная — бо атрымалася захаваць сцвярджальныя пазіцыі адраджэнскага руху, закладзеныя яшчэ ў апошняй чвэрці ХХ стагодзя яго заснавальнікамі, захаваць атмасферу непрымірэнчасці да з’яваў сацыяльнай і нацыянальнай несправядлівасці.

У 1990 гадах пра перадумовы стварэння суполкі і пачаткі яе існавання пісала нязменны «біёграф» суполкі, доктар мастацтвазнаўства Мая Яніцкая: «Ідэя стварэння суполкі «Пагоня» выспявала паступова. Яшчэ на выставах пачатку 70-х гадоў звярнулі на сябе ўвагу гледачоў і крытыкаў тады яшчэ маладыя мастакі і мастацтвазнаўцы Яўген Кулік, Уладзімiр Крукоўскі, Эдуард Агуновіч, Пятро Драчоў, Аляксей Марачкін, Віктар Маркавец, Мікола Купава, Валянціна Свентахоўская, Віктар Шматаў, Міхась Раманюк, да якіх у сярэдзіне 70-х гадоў далучыліся Кастусь Харашэвіч, Алесь Пашкевіч, Георг Скрыпнічэнка, Алесь Шатэрнік, Тацяна Гаранская, Валянціна Маркавец-Бартлава, Лявон Бартлаў, Галіна Крываблоцкая, Лявон Панамарэнка, Сымон Свістуновіч, Людміла Пятруль ды іншыя. Пачаўшы творчы шлях напярэдадні чарговага Адраджэння, яны адлюстроўвалі ў сваіх працах тыя падзеі гісторыі Беларусі, якія раней у краіне замоўчваліся».

У майстэрні на «Дзімітраўцы». Менск, 1978 г.
Мікола Купава, Віктар Маркавец, Генадзь Сакалоў-Кубай, Вацлаў Жыдліцкі, Аляксей Марачкін у майстэрні на «Дзімітраўцы».
Менск, 1978 г.

Мая Яніцкая падкрэслівала, што ў творах гэтых мастакоў было відавочнае шчырае захапленне вынікамі дзейнасці нашых прашчураў на ніве матэрыяльнай і духоўнай культуры, постацямі такіх асветнікаў эпохі Рэнесансу, як Мікола Гусоўскі, Францішак Скарына, дзеячамі рэфармацыйнага руху, як Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, пачынальнікамі нашага адраджэння — Вінцэнтам Дунін-Марцінкевічам, Францішкам Багушэвічам, Цёткай, Максімам Багдановічам, Антонам і Іванам Луцкевічамі ды іншымі. Сваімі творамі мастакі спрыялі выспяванню нацыянальнай сведамасці сучаснага беларускага грамадства, выхаванню ў яго павагі да нацыянальнай спадчыны, да сваіх каранёў. У 90-х гадах да іх далучыліся Генадзь Асташонак, Тамара Васюк, Віктар Мікіта, Сяргей Цімохаў, Алесь Цыркуноў ды інш. На працягу 80–90-х гадоў мастакі двух пакаленняў не толькі актыўна ўдзельнічалі ў агульных праектах і выставах Саюза мастакоў БССР, але і самі ладзілі мастацкія выставы, прысвечаныя значным падзеям у гісторыі і культуры Беларусі. Дзякуючы мастакам-адраджэнцам, адзначала даследніца, былі сабраныя творы і наладжаныя выставы глыбока нацыянальных па духу творчасці мастакоў ХХ стагоддзя Язэпа Драздовіча, Пётры Сергіевіча, Міхася Сеўрука і выстава маляваных дываноў — адной з самабытных плыняў беларускага мастацтва.

На ўсіх этапах існавання суполка «Пагоня» вышэй за ўсё ставіла грамадзянскую пазіцыю сваіх сяброў. На працягу многіх гадоў яе справаздачныя штогадовыя выставы прымяркоўваліся да 25 Сакавіка і праводзіліся пераважна ў галоўнай выставачнай зале Рэспублікі Беларусь — менскім Палацы мастацтва. Не заўсёды абставіны былі спрыяльнымі. Было і так, што кіраўніцтва Саюза мастакоў, знаходзячыся пад моцным ціскам з боку ўладаў, спачатку здымала з экспазіцый «нязручныя» бескампраміснасцю творы (1997 г.), а потым, у наступным годзе, адмаўляла суполцы ў правядзенні на гэтай пляцоўцы штогадовай выставы да Дня Волі. Вынікам сталася тое, што ў 1998 годзе «пагонічы» замест адной забароненай выставы арганізавалі і правялі некалькі, прычым розных. Так, 22 сакавіка пасля мітынгу і шэсця адчынілася выстава ў сутарэннях менскага касцёла Сымона і Алены, 24 сакавіка была разгорнутая экспазіцыя ў сядзібе Беларускага Народнага Фронту — упершыню тут быў паказаны супольны канцэптуальны праект Віктара Маркаўца і Алеся Разанава «Зместаформы», у якім праз вобразы твораў «Анталогія аўтарытарызму», «Гарадскі краявід», «Небяспека», «Электарат», «Асабістая ахова», «Адваротная сіметрыя» ў саркастычнай форме выяўлялася стаўленне да палітычнага клімату ў краіне.

25 сакавіка таго года адначасова адбыліся чатыры акцыі суполкі — аднадзённая вулічная выстава Яўгена Шатохіна ў Пінску; выстава, арганізаваная Кастусём Харашэвічам, Міколам Аўчыннікавым і Аляксандрам Пашкевічам у Маладзечне; выстава «Адраджэнне-98» у Горадні, наладжаная разам з гарадзенскім адзяленнем Беларускага саюза мастакоў. Аснову выставы склалі працы лідараў суполкі «Пагоня» Яўгена Куліка, Уладзіміра Крукоўскага, Міколы Купавы, Уладзіміра Сулкоўскага ды іншых. Сярод гэтых твораў у цэнтры ўвагі было вострасаркастычнае палатно Аляксея Марачкіна «Трыумф Мураўёва-вешальніка». Яшчэ адна выстава суполкі, ініцыяваная грамадскім дэмакратычным рухам «Хартыя 97», была адчыненая ў той дзень у Брусэлі (Бельгія), яна складалася з твораў Аляксандра Родзіна і Аляксея Марачкіна. Бальшыня экспазіцый, прымеркаваных да 80-годдзя Беларускае Народнае Рэспублікі, мела выразную нонканфармісцкую афарбоўку.

Святкаванне 90-х ўгодкаў Максіма Багдановіча. Менск, 1981 г.
Святкаванне 90-х ўгодкаў Максіма Багдановіча.
Стаяць: Мікола Купава, Уладзімір Басалыга, Леанід Шчамялёў, Яўген Кулік, Аляксей Марачкін, Міхась Ткачоў, Уладзімір Караткевіч, Міхась Чарняўскі, Міхась Рагалевіч.
Сядзяць: Валянціна Маркавец-Бартлава, Тацяна Гаранская, Антаніна Лапіцкая, Ірына Марачкіна, Андрэй Басалыга, Валянціна Басалыга, Валянціна Караткевіч, Святлана Чарняўская.
Менск, 1981 г.

У тым самым, 1998-м, годзе сябры суполкі ініцыявалі і ажыццявілі пры канцы лета, 27 жніўня, у вялікай верхняй зале менскага Палаца мастацтва маштабны праект, што складаўся з дзвюх, у прынцыпе самадастатковых кожная сама па сабе, выставаў: «Шляхамі Язэпа Драздовіча», прымеркаванай да 110-й гадавіны з дня нараджэння творцы, і персанальнай выставы Аляксея Пятрухны. Неардынарнасць агульнай экспазіцыі была не толькі ў дэманстрацыі пакланення беларускіх мастакоў маштабнай постаці Драздовіча. Выразна вылучалася з шэраговых і выстава заўчасна памерлага менскага творцы другой паловы ХХ стагоддзя А. Пятрухны, які дазваляў сабе вольныя адыходы ад шляхоў сацрэалізму, у гэтым быў адметным і праз гэта недаацэненым пры жыцці. Творы яго рэдка набывалі музеі. У мастацкіх колах за Аляксеем яшчэ пры жыцці быў замацаваны імідж нонканфарміста. Разам з тым мастак быў сябрам Беларускага саюза мастакоў, і ў далёкіх 70-х працаваў у адным пакоі агульнай майстэрні з Віктарам Маркаўцом і Аляксеем Марачкіным, што месцілася ў старым горадзе на вуліцы Дзімітрава, 3. Пятрухна пайшоў ад нас ва ўзросце 45 гадоў. Для мастака гэта залатая пара плённай дзейнасці. Яго персанальная выстава — даніна памяці і прызнанне таленту. Экспазіцыю склалі 120 графічных аркушаў і 80 жывапісных палотнаў, і гэта быў пасмяротны трыумф Аляксея Пятрухны. У перакрыжаваным драматызме лёсаў дзвюх неардынарных постацяў розных эпох і палягала канцэпцыя той выставы.

У больш шырокім сэнсе «Пагоня» выконвала адну з галоўных задач сваёй дзейнасці: адкрываць гледачу спадчыну тых дзеячоў беларускай культуры, талент якіх не атрымаў належнай ацэнкі пры жыцці. Грунтам для правядзення выставы «Шляхамі Язэпа Драздовіча» сталася падсумаванне вынікаў пленэраў імя Язэпа Драздовіча, што праводзіліся 15–25 верасня 1996 года і 4–8 жніўня 1997 года пры падтрымцы Культурна-асветніцкага цэнтра імя Язэпа Драздовіча, Віцебскага цэнтра праблем самакіравання і Віцебскага аддзялення Фонду Сораса. Як паведамляла БелТА (01.09.1998), яны прысвячаліся «ўніверсальнаму стваральніку беларускай мастацкай культуры, літаратару, асветніку, збіральніку фальклёру, даследніку-аматару археалогіі і астраноміі… Пленэры зрабілі вялікі ўплыў на творчыя задумы мастакоў, дапамаглі асэнсаваць і ўсвядоміць многае ў творчасці Язэпа Драздовіча. Майстры пэндзля пабылі ў розных кутках, дзе пакінуў след гэты ўніверсальны ў сваіх захапленнях чалавек».

Мастакі «Пагоні» на адкрыцці помніка Язэпу Драздовічу
Мастакі «Пагоні» на адкрыцці помніка Язэпу Драздовічу ў вёсцы Ліпляны.
Глыбоцкі раён. 1982 г.

У правядзенні штогадовых пленэраў у мясцінах жыцця і дзейнасці нашых славутых суайчыннікаў — Язэпа Драздовіча, Напалеона Орды, Эміліі Плятэр, Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна — трэба адзначыць вялікую заслугу спадарыні Ады Райчонак. Яна нязменны кіраўнік Культурна-асветніцкага цэнтра імя Язэпа Драздовіча, што дало магчымасць стварыць мастацкую галерэю (названую імем яе заўчасна памерлага сына Міхася). У калекцыі галерэі сёння болей за 250 твораў жывапісу і графікі. Асноўны збор — гэта творы мастакоў суполкі «Пагоня». Асобна варта згадаць штогадовыя пленэры, прысвечаныя Аршанскай бітве, ініцыятарамі якіх да сённяшняга часу з’яўляюцца «пагонічы» Алесь Пушкін, Генадзь Драздоў, Мікола Купава. Сярод іншых нельга не назваць пленэр-выставу «Памяці ахвяраў Халакосту» (2004 г.), якая мела міжнародны статус і была паказаная ў розных краінах Еўропы.

На вуліцы Ракаўскай з славутым гісторыкам. Менск, 1985 г.
На вуліцы Ракаўскай з славутым гісторыкам.
Злева направа: Віктар Маркавец, Мікола Купава, Міхась Раманюк, Мікола Улашчык, Аляксей Марачкін, Уладзімір Крукоўскі, Яўген Кулік.
Менск, 1985 г.

Пленэрная дзейнасць — гэта ўсяго толькі адзін з некалькіх вектараў дзейнасці суполкі. «Пагонічы» актыўна займаліся таксама мастацкім аздабленнем шматлікіх грамадска-палітычных мітынгаў і шэсцяў; бралі ўдзел у арганізацыі перазахавання парэшткаў выдатнага дзеяча адраджэнцкага руху Івана Луцкевіча (Вільня, 5 жніўня 1991 г.); працавалі над стварэннем эталона дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь (аўтар Яўген Кулік), зацверджанага Вярхоўным Саветам 10 снежня 1991 г., і эталона дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь (аўтар Мікола Купава), зацверджанага Вярхоўным Саветам 11 снежня 1991 г.; усталявалі помнікі мастаку і выдатнаму грамадскаму дзеячу Лявону Баразне (3 кастрычніка 1992 г.), аднаму з заснавальнікаў і ідэолагаў суполкі «Пагоня» Яўгену Куліку (6 лістапада 2005 г.), мемарыяльны знак памяці сябра суполкі Віктара Маркаўца (28 лістапада 2013 г.) і інш.

Нельга абмінуць вялікую працу маладзечанцаў Кастуся Харашэвіча, Юрася Герасіменкі, Міколы Аўчыннікава, Рыгора Мяжуева ды інш. Быў час, калі на выставы ў Маладзечне, прысвечаныя значным гістарычным падзеям і славутым асобам, сталічныя мастакі ездзілі з Менска цягнікамі, там жа ладзіліся першыя, тады яшчэ забароненыя афіцыёзам Купаллі. Высокай ацэнкі заслугоўваюць праведзеныя імі мемарыяльныя выставы да 100-годдзя класіка беларускага жывапісу Ядзвігі Раздзялоўскай і памяці сябра Юрася Герасіменкі, які дужа рана пайшоў з жыцця, але паспеў заняць пачэснае месца ў мастацтве сучаснай Беларусі, стаўшы лаўрэатам чатырох прэстыжных узнагарод у галіне графікі.

Шматгадовы старшыня суполкі «Пагоня» Мікола Купава персанальна ладзіў як у Менску, так і па рэгіёнах краіны шмат групавых мастацкіх выставаў, прысвечаных памятным датам жыцця нашых знакамітых продкаў (Тадэвуша Касцюшкі, Кастуся Каліноўскага ды інш.) і адметным падзеям нацыянальнай гісторыі. Асабліва апякуецца мастак радзімай Уладзіміра Караткевіча — Воршай, адкуль і сам родам: ладзіць там выставы, праводзіць акцыі грамадзянскага гучання, прэзентацыі гістарычнай літаратуры і мастацкіх твораў.

З вакзала — на святкаванне 500-гадовага юбілею Францішка Скарыны ў Вільні
З вакзала — на святкаванне 500-гадовага юбілею Францішка Скарыны ў Вільні.
Злева направа: Міхась Чарняўскі, Яўген Лецка, Міхась Басалыга, Міхась Карпук, Яўген Кулік, Аляксей Марачкін, Алена Лазарава, Уладзімір Крукоўскі.
Вільня, 1990 г.

Крыху маладзейшы за заснавальнікаў суполкі яе сябар Алесь Пушкін — жывапісец, нонканфарміст, тэатральны мастак, пэрформар — завёў традыцыю святкаваць Дзень Незалежнасці ў мястэчку Бабёр (Бобр) Крупскага раёна, дзе жылі яго бацькі, дзе жыве і сам з жонкай і дзецьмі. Там ён ладзіць таксама традыцыйныя Каляды ды Купаллі. З апошніх яго грамадзянска-творчых учынкаў — арганізацыя ў 2014 годзе разам з «пагонічамі» Генадзем Драздовым і Ягорам Батальёнкам, Лявонам Грышуком і Святланай Радкевіч пленэру на месцы знакамітай Аршанскай бітвы. Яшчэ 14 верасня 2014 года газета «Дыялог» пісала Online: «На гэтым полі, дзе была бітва, стаіць толькі дубовы крыж, усталяваны ў 1992 годзе, 8-га верасня споўнілася 500 гадоў з дня перамогі 30-тысячнага войска Вялікага Княства Літоўскага ў Аршанскай бітве над 80-тысячным войскам Вялікага Княства Маскоўскага». I вось да гэтага юбілею на Аршанскім полі былі ўсталяваныя на валунах бронзавыя барэльефы Канстанціна Астрожскага, Юр’я Радзівіла і Івана Сапегі. Варта адзначыць, што Алесь Пушкін яшчэ заўзяты рэстаўратар і рэканструктар размалёвак у катэдральным касцёле Магілёва, храмах Вішнева і Бабра.

Нельга абмінуць мастацкія акцыі-перформансы, якія мелі важны грамадскі, палітычны рэзананс у жыцці краіны. Так, намаганнямі мастакоў разам з сябрамі Беларускага Народнага Фронту «Адраджэнне» ў 1989 годзе ва ўрочышчы Курапаты быў усталяваны Крыж пакутаў на месцы масавых сталінскіх рэпрэсій. Праект мемарыяльнага знака распрацаваў Аляксей Марачкін. Пазней мастак разам з сынам Ігарам усталявалі крыж-капліцу «Маці Божая Курапацкая». Ігар Марачкін і да сёння — руплівец Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, надзейны паплечнік старэйшых мастакоў суполкі. Ён распрацоўвае і выдае плакаты да калектыўных і персанальных выставаў сяброў «Пагоні», з’яўляецца стваральнікам дызайн-праекта каталога, выдадзенага да 10-годдзя суполкі, а таксама каталогаў пленэраў «Васілёва зорка» (2005 г.), «… і адчуеш — Радзіма» (паводле пленэру памяці Уладзіміра Караткевіча, 2006 г.), «Каб рунела душа» (пленэр памяці Рыгора Барадуліна, 2006 г.); аўтар дызайну і выдавец календароў, у якіх аднаўляюцца выдатныя постаці і гістарычныя падзеі. Мастак бярэ актыўны ўдзел у выставах не толькі мастацкімі творамі, але і вядзе фота- і відэалетапіс дзейнасці суполкі.

Сябар «Пагоні» Эдуард Агуновіч на сваёй малой радзіме ўсталяваў у 1995 годзе капліцу св. Еўфрасінні Полацкай, што безумоўна з’яўляецца сакральным знакам на поўдні нашай краіны. Мастак шырока вядомы не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. Ён ганаровы сябар Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі. Шмат сілы паклаў на мемарыялізацыю музеяў Янкі Купалы (1971 г.), Якуба Коласа (1982 г.), Максіма Багдановіча (1991 г.), надаўшы кожнаму з іх адпаведны запамінальны вобраз. Да Першага з’езда беларусаў свету распрацаваў графічны знак-эмблему «Еўфрасіння Полацкая збірае пад свой крыж беларусаў свету» (1993 г.).

Знак-эмблема «Еўфрасіння Полацкая збірае пад свой крыж беларусаў свету»
Знак-эмблема «Еўфрасіння Полацкая збірае пад свой крыж беларусаў свету»

У 2005 годзе з ініцыятывы Алеся Шатэрніка і Аляксея Марачкіна быў адліты «Звон Свабоды». Над вобразам Звона працавала група мастакоў — сяброў суполкі: Леў Талбузін выканаў герб «Пагоня», Юрась Гудзіновіч распрацаваў і выканаў «паглыблены» шрыфт, а «выпуклую» частку тэкстаў з дапамогай Генадзя Асташонка распрацаваў і выканаў Леў Талбузін. Лёс звана драматычны. У 2005 годзе, пад час правядзення грамадскай акцыі, ён быў арыштаваны і тры тыдні знаходзіўся ў пастарунку РАУС Цэнтральнага раёна г. Менска.

Алесь Родзін з сваім сябрам і паплечнікам Змітром Юркевічам — не толькі яскравыя і незаменныя перформары на розных выставах, пленэрах ды іншых імпрэзах суполкі «Пагоня». Не менш значны іх асабісты праект: наладжванне ў менскім Палацы мастацтва цягам некалькіх гадоў запар шэрагу маштабных акцый пад агульным дэвізам-назовам «ДАХ». Гэта імправізацыйныя фестывалі мастацкай творчасці, што ўяўляюць гарманічны і, галоўнае, плённы сінтэз розных формаў, тыпаў, стыляў, відаў сучаснай мастацкай творчасці. «ДАХ» ужо напрацаваў сабе салідны імідж і заўсёды правакуе актыўных асобаў на маштабны творчы пошук. «ДАХ-2015», у прыватнасці, прапанаваў удзельнікам праекта скіраваць намаганні на гістарычныя пошукі, звязаныя з асобаю славутага Тадэвуша Рэйтана (1742–1780), які ў 1773 годзе на Сойме ў Варшаве разам з паплечнікамі здзейсніў геройскі супраціў першаму падзелу Рэчы Паспалітай.

Заўчасна пайшоў з жыцця актыўны сябар суполкі Яўген Шатохін. Гэта быў не толькі выдатны графік і акварэліст з непаўторнай, жывой і пачуццёва-эмацыйнай манерай малявання, але і грамадзянін моцнага гарту. Гарачы патрыёт, адважны абаронец нашай незалежнасці, нястомны вандроўнік, ён нібыта магнітам прыцягваў да сябе і сваіх справаў людзей. «Яму дарагая была слава Пінска, што ззяе на старонках летапісаў, прысвечаных старажытнаму дзяржаўнаму ўтварэнню — Турава-Пінскаму княству», — пісаў ва ўступным артыкуле да каталога яго твораў мастацтвазнавец Валер Буйвал. Яўген Шатохін быў заўзятым удзельнікам айчынных і замежных выставаў, пленэраў, розных грамадскіх справаў суполкі «Пагоня», ладзіў рэгіянальныя міні-пленэры ў Пінску, да якіх з ахвотай далучаліся не толькі мастакі, але і пісьменнікі, прыхільнікі роднай культуры.

Адным з старэйшых удзельнікаў суполкі «Пагоня» быў Пятро Драчоў. Як мастак, засведчыў сябе рупліўцам на ніве беларускай гісторыі. Стварыў партрэты Кірылы Тураўскага, Пётры Мсціслаўца, Лаўрэна Зізанія, Сімяона Полацкага. За ўсё творчае жыццё аздобіў больш за 400 кніг, з іх найбольш запамінальныя «Выбраныя творы» Уладзіміра Дубоўкі, «Зямля пад белымі крыламі» і «Чорны замак Альшанскі» Уладзіміра Караткевіча, «Паляўнічыя акварэлькі з Палесся» Янкі Лучыны. З станковай графікі асабліва вылучаецца яго серыя аркушаў, прысвечаная паўстанню 1863 года, а таксама нізка акварэляў архітэктурных помнікаў Беларусі. Працаваў мастацкім рэдактарам дзіцячага часопіса «Бярозка» і «Беларускага гістарычнага часопіса». Быў непараўнаным майстрам у вырабе муляжоў манускрыптаў і старадрукаў для музейных экспазіцый.

Васіль Быкаў на адкрыцці выставы «Адраджэнне-99»
Васіль Быкаў на адкрыцці выставы «Адраджэнне-99»

Нефармальнае аб’яднанне пад умоўным назовам «Барвіністы» стварылі мастакі Віктар Маркавец, Уладзімір Сулкоўскі, Валянціна Бартлава, Мікола Назарчук, Аляксандр Шатэрнік, Лявон Панамарэнка, Ягор Батальёнак, Хведар Ладуцька ды іншыя, што заснавалі «пажыццёвы» пленэр у старажытнай вёсцы Вайшкуны. Яны апявалі ў мастацкіх творах каларыт адной з нямногіх ацалелых традыцыйных вёсак з адметным укладам жыцця. Творцы спрабавалі прыцягнуць увагу шырокай грамадскасці да праблемы знікнення беларускай вёскі як з’явы нацыянальнай культуры. Апагеем гэтай дзейнасці была арганізацыя і правядзенне ў Музеі сучаснага мастацтва ў Менску выставы «Барвы Вайшкунаў» (14–25 верасня 1999 г.), удзельнікамі якой былі В. Маркавец, У. Сулкоўскі, Я. Батальёнак, М. Назарчук, А. Шатэрнік. У межах правядзення выставы была агучаная дэкларацыя «Барвіністаў» і праведзеныя некалькі грамадскіх прэзентацый-абмеркаванняў праблемы.

Выразнае грамадзянскае гучанне мае дзейнасць Алеся Цыркунова. Калі ні сустрэнеш гэтага сябра «Пагоні», усе яго размовы — пра забытых герояў, разбураныя помнікі, палацы, сядзібы, пра «белыя плямы» ў айчыннай гісторыі. Аднак ён не толькі наракае, але і ўласнай працай імкнецца «латаць дзіркі» ў сведамасці грамадства. Мастак ходзіць па кабінетах Міністэрства культуры, дамагаючыся, каб занядбаны помнік узялі пад ахову дзяржавы або пачалі рамантаваць, выступае на навуковых канферэнцыях і нават ахвяруе на справу асабістыя сродкі. Напрыклад, у вёсцы Чэхі Мядзельскага раёна паставіў Крыж Усім беларускім святым, у вёсцы Каралінава Пастаўскага раёна — помнік Вандзе Ромер, удаве знакамітага Альфрэда Ромера, а ў вёсцы Страча Астравецкага раёна — каплічку ў гонар удзельнікаў паўстання Тадэвуша Касцюшкі… У 2005 годзе ў Вілейцы мастак наладзіў персанальную выставу «50 партрэтаў. Ад Вітаўта да ксяндза Уладзіслава Чарняўскага». «Цыркуноў сваімі творамі спрабуе давесці, што гадзіннік Беларускай дзяржаўнасці ніколі не спыняўся і ня спыніць хады» («Наша Ніва». 28.01.2005).

Значны ўнёсак у нашу культурную спадчыну, асабліва ў рэгіянальным вымярэнні, зрабіў заўчасна памерлы сябар «Пагоні» Рыгор Данчанка. Выхаванец дзіцячага дома, ён пражыў драматычнае жыццё. Мастак прысвяціў роднай Тураўшчыне найлепшыя карціны, плакаты («1000 гадоў Тураву», «Мой родны кут, як ты мне мілы», «Хлеб усяму галава»), шмат творчых намаганняў паклаў на афармленне экспазіцыі Тураўскага краязнаўчага музея. Выканаў таксама праект рэканструкцыі Полацкай Сафіі эпохі Усяслава Чарадзея.

Адзін з заснавальнікаў суполкі «Пагоня» Віктар Маркавец апошнія гады свайго жыцця прысвяціў дабрачыннай рэканструкцыі размалёвак храмаў на сваёй малой радзіме — у Докшыцах і Сітцах Віцебскай вобласці, разам з Тацянай Гаранскай збудаваў паводле канонаў старажытнага беларускага храмабудаўніцтва царкву ў імя Сабора Усіх беларускіх святых у Заслаўі (вул. Рагнеды, 26) і сам на дабрачыннай аснове размаляваў яе. Ад 1992 да 2013 года працаваў над мастацка-вобразнай рэканструкцыяй гісторыі Заслаўя, наладзіўшы ў запаведніку «Заслаўе» шэраг гістарычных выставаў. У 2002 годзе стварыў творчае грамадскае аб’яднанне «Мастак», дбаннем якога праведзена 10 пленэраў маляванага дывана. У 2001–2011 гадах у Менску дзейнічала заснаваная В. Маркаўцом, Т. Гаранскай і Ірынай Каліноўскай прыватная мастацкая галерэя «Добрыя Мыслі», дзе прайшлі дзясяткі разнастайных выставаў сяброў суполкі «Пагоня», у тым ліку Я. Куліка, А. Марачкіна, М. Купавы, У. Крукоўскага, Г. Драздова, Т. Копшы, Т. і У. Васюкоў, А. Пушкіна, Я. Ціхановіча, А. Карповіча ды іншых, а таксама святкаванне 100-гадовага юбілею газеты «Наша Ніва». На жаль, гэтую галерэю, якая дзесяць гадоў была яркім светачам у мастацкім жыцці сталіцы, улады нематывавана і без тлумачэння ліквідавалі, што засведчыла іх нежаданне трываць відавочны рэнесанс нашага мастацтва.

Некалькі карцін, прысвечаных Заслаўю, намаляваў сябар суполкі Віктар Сташчанюк. Значны адрэзак свайго жыцця ён ахвяраваў на стварэнне мастацкіх рэканструкцый храмаў, замкаў, вобразаў старажытных беларускіх гарадоў — Полацка, Заслаўя, Менска, Наваградка ды іншых. Шмат якія з яго твораў сталі класікай, увайшлі ў навуковыя, энцыклапедычныя і навукова-папулярныя гістарычныя выданні, падручнікі гісторыі Беларусі, паслужылі аздобай гістарычнай часткі экспазіцыі Наваградскага краязнаўчага музэя.

Не менш легендарнай асобай суполкі «Пагоня» быў Рыгор Кійко, сябар Кансерватыўна-хрысціянскай партыі Беларускага Народнага Фронту, адзін з ініцыятараў стварэння і абаронцаў мемарыяла ў Курапатах. Ён фактычна першы беларускі палітзняволены 90-гадоў — быў асуджаны на два гады за святкаванне Дня Волі ў 1997 годзе. Яго дзейнасць — узор грамадзянскай мужнасці і адданасці ў адстойванні нацыянальных каштоўнасцяў.

Удзельнікі мастацкага пленэру. 2004 г.
Удзельнікі мастацкага пленэру на радзіме Васіля Быкава ў вёсцы Бычкі, прымеркаванага да 80-х угодкаў яго народзінаў.
2004 г.

Дырэктар Музея старажытнабеларускай культуры, выдатны жывапісец, доктар мастацтвазнаўства Віктар Шматаў, ахвяруючыся ўласным здароўем, шмат гадоў пасля Чарнобыльскай катастрофы асабіста ратаваў з «зоны адчужэння» ацалелыя помнікі мастацтва і культуры. Пасля іх дэактывацыі ён стварыў цудоўную экспазіцыю гэтых шэдэўраў беларускай этнаграфіі.

Асобна варта адзначыць творчасць жывапісца Георга Скрыпнічэнкі, працы якога ўпрыгожваюць дзяржаўныя музеі і прыватныя калекцыі ды ўваходзяць у скарбніцу выдатных твораў беларускага выяўленчага мастацтва.

Усё часцей пачалі набываць высокае грамадзянскае гучанне нацыянальныя выставы. Вось іх пералік апошніх гадоў: «Нябесныя бегі», прысвечаная 120-годдзю Язэпа Драздовіча (10–21 снежня 2008 г.); «Міленіюм Літвы», прысвечаная 1000-годдзю летапіснай Літвы (19 кастрычніка — 5 лістапада 2009 г.); «Грунвальд — 600 гадоў» (30 кастрычніка — 21 лістапада 2010 г.); «Я не самотны…» да 120-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча (5–23 снежня 2011 г.); выстава, прысвечаная 130-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа (15–28 кастрычніка 2012 г.); 180-годдзю Альфрэда Ромера (17–28 красавіка 2013 г.), Фэст Беларускага духоўнага мастацтва — аўтарскі праект Г. Драздова (2012 г.), выстава «Паланэз» да 250-годдзя Міхала Клеафаса Агінскага (23 верасня — 4 кастрычніка 2015 г.) ды іншыя, у якіх «пагонічы» бралі чынны ўдзел.

Пра ролю і значэнне гэтых экспазіцый на прыкладзе выставы да юбілеяў класікаў нашай літаратуры Рыгор Сітніца сказаў: «Сёлетні год вельмі важны для беларускай культуры і справы фармавання нацыянальнай сведамасці, бо беларусы святкуюць 130-годдзе з дня нараджэння нацыянальных геніяў — Янкі Купалы і Якуба Коласа, роўных Ёгану Вольфгангу Гётэ, Фрыдэрыку Шапэну, Вольфгангу Амадэю Моцарту і Адаму Міцкевічу. Таму, ладзячы гэтую выставу, мы разумелі, што яна — толькі сціплае нашае паднашэнне да слаўнай гадавіны. Бо колькі б мы ні спрычыняліся да ўвасаблення постацей песняроў, мы толькі набліжаемся да разумення іх сапраўднай велічы».

Пра выставу «Міленіюм Літвы», ініцыятарам правядзення якой таксама выступіла «Пагоня», тагачасны старшыня суполкі Аляксей Марачкін сказаў: «Да гэтай выставы, прымеркаванай да 1000-годдзя назова «Літва», мы рыхтаваліся даўно. Важна тое, што Вялікае Княства Літоўскае яднае народы Летувы, Беларусі, Украіны, Польшчы. Мы маем агульную гісторыю і, каб не вінаваціць сябе ў бяспамяцтве, не маем права заставацца ў баку ад такой даты».

Намеснік старшыні арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы выставы да 600-годдзя Грунвальдскай (Дубровенскай) бітвы Мікола Купава звяртаўся да шырокай грамадскасці з заклікам падтрымаць праграму свята, якую апрача вялікай экспазіцыі ў менскім Палацы мастацтва складалі мастацкая выстава «Грунвальд за туманом часу» ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча, Фестываль сярэднявечнай музыкі ў Траецкім прадмесці, трохдзённая вандроўка беларускай дэлегацыі на Грунвальдскае поле (15–18 ліпеня 2010 г.) ды іншыя імпрэзы.

Акрамя нацыянальных выставаў патрыятычнай тэматыкі і актыўнага ўдзелу ва ўсіх экспазіцыйных праектах і акцыях Беларускага саюза мастакоў суполка праводзіла маштабную індывідуальную выставачную дзейнасць ды праявіла шэраг бліскучых творчых ініцыятыў. Так, да нечарговай сесіі Вярхоўнага Савета БССР 19 верасня 1991 года, на якой дэпутаты меліся разглядаць пытанне аб назове нашай дзяржавы і яе дзяржаўных сімвалах, мастакі суполкі «Пагоня» ў кароткі тэрмін падрыхтавалі і прадэманстравалі перад дэпутатамі ў фае Дома ўрада фотадакументальную выставу, прысвечаную гісторыі беларускага герба і сцяга. Выстава, падрыхтаваная сябрамі суполкі Я. Куліком, М. Купавам, А. Марачкіным, І. Марачкіным, У. Крукоўскім, Ф. Ладуцькам, Л. Талбузіным, Г. Сакаловым-Кубаем з’явілася інфармацыйным шокам для многіх дэпутатаў і істотна паўплывала на прыняцце Вярхоўным Саветам канчатковага рашэння. У далейшым некаторыя мастакі «Пагоні» ўвайшлі ў склад творчай групы па распрацоўцы эталона дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь «Пагоня», замова на стварэнне якога была падпісаная з Яўгенам Куліком і паспяхова выкананая. Эталон дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь і гербавых пячатак выканаў Мікола Купава. Леў Талбузін распрацаваў рэльефную выяву эталона герба, а таксама навершнік дзяржаўнага сцяга.

Выстава, прысвечаная гісторыі нацыянальнай сімволікі, у Вярхоўным Савеце Рэспублікі Беларусь. 1991 г.
Выстава, прысвечаная гісторыі нацыянальнай сімволікі, у Вярхоўным Савеце Рэспублікі Беларусь.
1991 г.

Яшчэ на пачатку дзейнасці суполкі ў «Беларускім Музеі» г. Гайнаўка Беластоцкага ваяводства пры падтрымцы Беларускага фонду культуры была наладжаная выстава пад назовам-дэвізам «Жыве Беларусь». У ёй бралі ўдзел 25 мастакоў суполкі «Пагоня» і было паказана 160 твораў жывапісу, графікі, скульптуры, дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва. 27 кастрычніка 1990 года ва ўрачыстай атмасферы выставу адчыніў старшыня грамадскага камітэта пабудовы Беларускага Музея Кастусь Майсеня. Ён сказаў, што музей мае быць культурным цэнтрам беларусаў, якія жывуць у Польшчы, а прывезеная «пагонічамі» з Менску выстава выглядае «першай ластаўкай», што лучыць духоўнай еднасцю пад крыламі мастацтва беларусаў абедзвюх краін.

З абвешчаннем незалежнасці нашай дзяржавы акцыі яднання беларусаў, што жывуць у розных краінах свету, сталі актыўнымі і жыццядайнымі. Асабліва гэта датычыць мастакоў. У Беларусі былі наладжаныя выставы мастачкі, мастацтвазнаўцы і грамадскай дзяячкі з Амерыкі Галіны Русак (12 лютага 1992 г., Нацыянальны мастацкі музей; 1993 г., полацкая гарадская бібліятэка і менская бібліятэка імя Янкі Купалы); выстава прафесійнай мастачкі з Амерыкі, што родам з Наваградчыны, Тамары Стагановіч (1993 г.); мадэрніста з Польшчы Міколы Давідзюка (1994 г., Нацыянальны мастацкі музей); віленчука Алега Аблажэя (1997 г., Музей сучаснага выяўленчага мастацтва); адметнага фатографа з Амерыкі, родам з Вілейшчыны, Алекса Сільвановіча (1994 г., музей у Вілейцы); Івонкі Сурвілы з Канады (2005 г., сядзіба Беларускага Народнага Фронту ў Менску) і шэраг іншых.

У 2000 годзе суполка «Пагоня» брала ўдзел у комплексе акцый да 130-х угодкаў з дня нараджэння Фердынанда Рушчыца. Напярэдадні юбілею яе сябры з ініцыятывы і пад кіраўніцтвам старшыні суполкі Міколы Купавы разам з Нацыянальным мастацкім музеем ладзілі 4–14 жніўня 2000 года на Валожыншчыне і Ашмяншчыне пленэр імя славутага земляка. А 8 снежня 2000 года ў Нацыянальным мастацкім музеі адбылася выстава «Зямля і неба Фердынанда Рушчыца», дзе экспанаваліся творы ўдзельнікаў пленэру. «І якія ж розныя рушчыцкія Гальшаны ў Яўгена Шатохіна і Міколы Купавы ці Крэва ў Рыгора Мяжуева і Алены Колас! … празрыстыя, нібы напоўненыя вечаровым паветрам краявіды Міколы Аўчыннікава («Багданаў») і рознакалярова-фантастычнае, нібы казачны горад з дзіцячай казкі, Крэва Алены Колас («Крэва»); вельмі «зямныя», з сакавітай, насычанай палітрай краявіды Кастуся Харашэвіча і яркія, напісаныя святочна рознакаляровымі мазкамі — Алеся Цыркунова, і адметныя графічныя лісты Віктара Мікіты. Гэта мясціны, якія натхнялі ўсіх «пагонеўцаў» на працягу тых дзесяці пленэрных дзён, — яны выглядаюць па-новаму на кожным палатне…» — пісала ў артыкуле «У кожнага свой Рушчыц…» мастацтвазнавец Марыя Грамыка.

Пасля пленэру ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь была наладжаная рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя (8–9 снежня 2000 г.). У ёй бралі ўдзел з дакладамі сябры суполкі Яўген Шунейка «Мастацтва Ф. Рушчыца ў рэчышчы еўрапейскага сімвалізму», «Фердынанд Рушчыц і Ян Булгак, іх творчыя сувязі», Віктар Шматаў «Ф. Рушчыц — прадвеснік беларускай нацыянальнай ідэі», Таццяна Гаранская «Вайшкунцы-«барвіністы» — прадаўжальнікі традыцый Рушчыца», Мікола Купава «Вобраз Радзімы ў творчасці Фердынанда Рушчыца». Удзельнікі канферэнцыі разам з мастакамі наведалі вёску Багданаў. Там калісьці быў маёнтак Рушчыцаў, ад якога сёння засталіся толькі падмуркі, высечаны парк, але вакол — незвычайная прыгажосць «рушчыцкай зямлі».

Адна з самых адметных падзеяў — наладжаны сябрамі суполкі «Пагоня» прыезд у Менск Барбары Рушчыц — дачкі мастака, ролю і значэнне якога для беларускага мастацтва дакладна вызначыў Віктар Шматаў: «… Дзякуючы Боскаму дару, светламу розуму, рэдкай працавітасці і выдатнай школе Рушчыц здзейсніў тое, аб чым марылі першыя прадстаўнікі беларускай мастацкай ідэі, якія хоць і адлюстравалі ў асобных творах рэаліі тагачаснага жыцця Беларусі, але, паводле Арсена Ліса, «не ўзняліся ўсё ж да разумення таго, што твораць асобнае мастацтва, мастацка выражаюць асобны народ». Большасць палотнаў ён стварыў у родным Багданаве, дзе прайшло юнацтва вялікага мастака. Ніхто з яго папярэднікаў не дасягнуў такіх значных вынікаў на родным полі творчасці — на бацькаўскай зямлі, вось чаму мы ўпэўнена можам назваць яго стваральнікам беларускай мастацкай ідэі, сапраўдным пачынальнікам беларускай мастацкай школы».

Сярод міжнародных праектаў суполкі «Пагоня» былі адметныя выставы ў Нямеччыне, Польшчы, Амерыцы — усіх не пералічыць. Самая знакавая сярод іх мастацкая выстава суполкі «Пагоня» ў Вільні, у самай прэстыжнай зале — віленскім Палацы мастацкіх выставаў, праведзеная 26 сакавіка — 13 красавіка 1992 года і прымеркаваная да Дзён беларускай культуры ў сталіцы Летувы. Гэта быў перыяд, калі паміж дзяржавамі-суседкамі наводзіліся масты даверу і ўзаемнай павагі. Выстава прысвячалася ўгодкам Беларускай Народнай Рэспублікі. Напярэдадні яе адкрыцця ў актавай зале Віленскага педінстытута адбылася сустрэча студэнтаў з артыстамі і кіраўнікамі беларускага Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, а потым у Летувіскім нацыянальным тэатры паказвалі спектакаль па п’есе «Тутэйшыя». Ва ўрачыстасцях бралі ўдзел прэзідэнт Летувы і старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. На правах чалавека, які пражыў у Вільні семдзесят гадоў, гасцей вітаў Лявон Луцкевіч: «Асабліва дорага, што свята распачынае тэатр Купалы п’есай Купалы…» («Не «дзядзька» — беларусы ў Вільні!» — ЛіМ. 03.03.1992). У выставе ў Вільні браў ўдзел 41 аўтар і экспанаваліся 58 твораў мастацтва.

Апрача штогадовых выставаў да ўгодкаў БНР суполка «Пагоня» за 25 гадоў існавання ажыццявіла значную колькасць самых разнастайных мастацкіх, культурніцкіх і гістарычных праектаў. Сярод іх выстава да 72-й гадавіны Слуцкага збройнага чыну (27 лістапада 1992 г., зала Дома літаратара) і ўстаноўка мемарыяльнага знака ў гонар Эдварда Вайніловіча; вечарына памяці Міхася Філіповіча з дэманстрацыяй фільма «Адлучэнне», прысвечанага памяці мастака (25 сакавіка 1994 г., Дом літаратара); выстава «Гонар! Годнасць! Бацькаўшчына!» да 480-годдзя перамогі беларускага войска пад Воршай (12 верасня — 6 кастрычніка 1994 г., Літаратурны музей Максіма Багдановіча); выстава, прысвечаная 75-м угодкам Слуцкага збройнага чыну (1995 г., фае тэатра «Вольная сцэна»); выстава «Ценям Касцюшкі» (17 кастрычніка 1997 г., Гасцёўня Уладзіслава Галубка), адметная выстава «Разам», куратарам якой быў выдатны мастак, наш сябар Сяржук Цімохаў.

«Пагоню» вітае Ніл Гілевіч. 1996 г.
«Пагоню» вітае Ніл Гілевіч.
1996 г.

У ліку высокастатусных гістарычных выставаў — экспазіцыя, прысвечаная 480-м угодкам выхаду ў свет паэмы Яна Вісліцкага «Пруская вайна», разгорнутая ў Гасцёўні Уладзіслава Галубка 23–29 студзеня 1997 года. Выстава нагадала грамадскасці пра неабходнасць больш актыўнага ўлучэння ў нашу культурную прастору імя славутага паэта-лацініста. Штотыднёвік «Культура» некалі змясціў вялікі артыкул Алега Лойкі пра гэтага творцу, які адным з першых усвядоміў велізарнае значэнне Грунвальдскай перамогі для лёсу славянства, узняў яе герояў — Вітаўта і Ягайлу, уславіў гераічнае мінулае беларускага і польскага народаў ў супольнай барацьбе супраць Тэўтонскага ордэна. Але, калі не лічыць кнігі Я. Парэцкага, які першым у Беларусі пачаў даследаваць творчасць Я. Вісліцкага, ды некалькі артыкулаў, грамадства ведае пра яго дужа мала. «Гэтым хутчэй за ўсё і можна патлумачыць той факт, што на слаўную дату 480-годдзя адгукнуліся толькі мастакі, і, трэба сказаць, яны папрацавалі самаахвярна» (Культура. 04.02.1997). Іншая справа цяпер: з’явіліся маладыя перакладчыкі з лацінскай мовы, выдатныя даследнікі. Сёння ўжо ідзе падрыхтоўка да 500-гадовага юбілею выдання кнігі «Пруская вайна».

Іншыя выставы суполкі «Пагоня»: да ўгодкаў Аршанскай бітвы (7 верасня 1999 г., Менск, сядзіба Беларускага Народнага Фронту); выстава памяці Генадзя Сакалова-Кубая «Мая надзея» (30 верасня 1999 г., Палац мастацтва); выстава «Шляхамі Язэпа Драздовіча» (6 лютага 2000 г., Рэспубліканскі экалагічны цэнтр); выстава да 80-годдзя Слуцкага збройнага чыну «За волю і незалежнасць» (27 лістапада 2000 г., Рэспубліканскі экалагічны цэнтр); выстава «Віват, Альгерд! Хвала Айчыне!», праведзеная ў два этапы (верасень 2007 г., галерэя «Добрыя Мыслі»; снежань 2007 г., галерэя «Арт-Блік»); юбілейная выстава суполкі «Пагоня-20» (11 сакавіка 2011 г., Менск, Палац мастацтва); выстава да 175-годдзя Кастуся Каліноўскага і 150-х угодкаў паўстання пад яго кіраўніцтвам «Радзіма вышэй за ўсё!» (адчыненая 12 лютага 2013 г. у Інстытуце беларускай культуры, што сімвалічна існуе на вуліцы Каліноўскага ў Менску).

«Неардынарнай культурніцкай з’явай быў ўспрыняты грамадскасцю мастацкі праект «Беларуская Атлантыда», здзейснены выставай у Музеі сучаснага мастацтва ў Менску, што адчынілася 5 красавіка ў 2005 года. Ён меў на мэце звярнуць увагу гледача на тое, з якой неймавернай хуткасцю адбываецца знішчэнне і знікненне зусім яшчэ звычайных нядаўна нашых этнічных артэфактаў, і папярэдзіць, што соцыюм краіны, — гэта відавочна, — мае шанец незваротна сыйсці ў Атлантыду бяспамяцтва. На выставе экспанаваліся карціны Віктара Шматава, які рабіў натурныя дакументальныя замалёўкі ў адселеных вёсках Чарнобыльскай зоны. У майстэрні знакамітага шчыраванца даўніны Льва Талбузіна захоўваецца цэлы музей старых рэчаў, з якіх зрабілі інсталяцыю і аздобілі выставу. Свае творы Тамара Васюк распрацоўвае паводле архаічнай беларускай керамікі. Гэта фольк-мадэрн на мяжы з аўтэнтычнасцю, высокае мастацтва… Выставу зрабілі на голым энтузіязме. Але грэе тэма беларускай мінуўшчыны…» (Культура. 16.04.2005). У выставе бралі ўдзел блізу трыццаці мастакоў. Аўтараў, вартых быць далучанымі да выставы, магло б быць значна болей, але стрымлівалі жорсткія абмежаванні выставачнай прасторы.

Дзейнасць суполкі за 25 гадоў яе існавання адбывалася ва ўмовах, якія нельга назваць спрыяльнымі для вольнага адлюстравання і здзяйснення мэтаў і задач грамадскага аб’яднання. Як маглі, падтрымлівалі сваіх калегаў мастацтвазнаўцы «Пагоні». У першую чаргу яны ажыццяўлялі ўласныя маштабныя планавыя праекты ў беларускім мастацтве і культуры, якія ідэалагічна цалкам адпавядаюць мэтам і задачам «Пагоні». Гаворка тут ідзе, можна сказаць, пра культавых асобаў айчыннага мастацтвазнаўства.

Віктар Шматаў быў у лідэрах асэнсавання і грунтоўнага мастацтвазнаўчага аналізу беларускасці ў айчынным мастацтве ад пачаткаў яго з’яўлення. Ён узняў на міжнародныя вышыні беларускую Скарыніяну, і ў гэтай тэме яму няма роўных. За серыю класічных публікацый на тэму «Францыск Скарына і беларуская культура» Віктар Шматаў уганараваны Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь.

Геній этнаграфіі Беларусі Міхась Раманюк па матэрыялах экспедыцый 1967–1980 гадоў выдаў кнігу «Беларускае народнае адзенне» (1981), якая заранкай асвяціла розумы мастакоў, усёй творчай інтэлігенцыі ў апошняй чвэрці ХХ стагоддзя і нібыта прышчэпка ад касмапалітызму развіла і ўзмацніла нацыянальную сведамасць многіх беларусаў, моцна паўплывала на развіццё нацыянальных рысаў у сучасным мастацтве. Ён жа быў на чале стваральнікаў у 1982–1983 гадах першага спецыялізаванага айчыннага часопіса «Мастацтва Беларусі» і шмат гадоў яго галоўным рэдактарам.

Мая Яніцкая — першы аўтар фундаментальных артыкулаў з гісторыі розных відаў дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва краіны ў шэрагу энцыклапедычных выданняў. Яна ўсё жыццё даследавала архетыпы нацыянальнай культуры Беларусі: шкло Урэцкай і Налібацкай мануфактур, традыцыі ды гісторыю слуцкіх паясоў. Да гэтага трэба дадаць, што дзясяткі гадоў даследніца была нязменным храністам і бібліёграфам суполкі «Пагоня», пра дзейнасць якой напісала шмат артыкулаў у прэсе і ў каталогах да выставаў.

Генадзь Сакалоў-Кубай быў выдатным энцыклапедыстам, бліскучым знаўцам беларускай гісторыі і культуры. Сваімі ведамі ён дзясяткі гадоў шчодра дзяліўся з сваімі вучнямі, найперш у Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве імя І. Ахрэмчыка, дзе выгадаваў не адну пляяду нацыянальна сведамай мастацкай моладзі, а таксама ў вышэйшых мастацкіх установах краіны — Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і Беларускім універсітэце культуры. Як акадэміст у мастацтвазнаўстве ён быў спецыялістам у сармацкім партрэце (тэма дысертацыйнага даследавання — «Партрэтны жывапіс Беларусі ХІV–XVI стст.»). Значны ўнёсак Генадзя ў аднаўленне і развіццё ў краіне традыцый мастацтва выцінанкі, якое творца пашыраў разам з жонкай, выдатнай мастачкай Нінай Сакаловай-Кубай. Тут варта адзначыць таксама мастака і пісьменніка Вячаслава Дубінку, яркага майстра беларускай выцінанкі, які адрадзіў і ўзвёў яе ў ранг прафесійнага мастацтва.

Іншыя нашы мастацтвазнаўцы таксама ўносяць значны ўклад у дзейнасць суполкі «Пагоня». Валянціна Трыгубовіч — аўтар болей як 100 артыкулаў пра мастацтва Беларусі, 20 гадоў узначальвала аддзел выяўленчага мастацтва часопіса «Мастацтва», дзе штогод публікавала артыкулы пра мастацкую творчасць сяброў суполкі «Пагоня», шмат гадоў кіравала культурніцкай дзейнасцю і займалася міжнароднымі кантактамі Беларускага Народнага Фронту. Пётра Васілеўскі — аўтар грунтоўных даследаванняў жыцця і навуковай дзейнасці Міколы Шчакаціхіна, быў адным з першых мастацтвазнаўцаў у менскім Палацы мастацтва, шмат гадоў працаваў у аддзелах выяўленчага мастацтва штотыднёвікаў «Літаратура і мастацтва» і «Культура», дзе друкаваў найлепшыя артыкулы пра выставы суполкі «Пагоня» і яе сяброў. Яўген Шунейка — прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, аўтар дысертацыі пра беларускую набойку, аўтар славутага «Канспекта па сучасным мастацтве», артыкулы з якога паслядоўна, з нумара ў нумар, змяшчаў часопіс «Мастацтва Беларусі», аўтар шматлікіх публікацый пра айчыннае выяўленчае мастацтва. Таццяна Гаранская — даследніца гісторыі старажытнага Заслаўя, узначальвала рабочую групу па стварэнні Гістарычна-культурнага запаведніка «Заслаўе», спецыяліст у традыцыйным народным адзенні беларускага Падняпроўя, была першым рэдактарам аддзела выяўленчага мастацтва пры стварэнні часопіса «Мастацтва Беларусі», з 1978 года даследуе гісторыю Заслаўя, аўтар шэрагу артыкулаў пра мастакоў П. Свентахоўскага, Я. Батальёнка, А. Пашкевіча, М. Рагалевіча, А. Цыркунова, Я. Куліка, У. Сулкоўскага ды іншых у часопісе «Мастацтва».

Мастацкая суполка «Пагоня» цягам чвэрці стагоддзя плённа супрацоўнічае з грамадскімі і палітычнымі аб’яднаннямі, чыя праца накіраваная на адраджэнне нацыянальнай сведамасці, — такімі, як Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», Беларускі Народны Фронт ды інш. Асабліва шчыльныя кантакты наладжаныя з Таварыствам беларускай мовы, дзе шмат гадоў шчыра і самааддана працавала Ірына Марачкіна, што злучала мэты і задачы абодвух аб’яднанняў у шэрагу агульных акцыяў і праектаў. Яна таксама аўтар шматлікіх артыкулаў пра мастакоў і выставы суполкі «Пагоня».

Кіраўнікамі суполкі «Пагоня» ў розныя гады былі Аляксей Марачкін, Мікола Купава, Леў Талбузін і Генадзь Драздоў. Уласнымі грамадзянскімі ўчынкамі і творчай дзейнасцю яны заўсёды былі і ёсць узорам служэння Радзіме.

Тацяна Маркавец-Гаранская