Юр'ева Алена

Нарадзілася 22 чэрвеня 1956 г. у Менску. Скончыла Беларускі політэхнічны інстытут (архітэктурны факультэт) (1979). Вучылася ў Віктара Маркаўца, Ніны Голышавай. Сябар Беларускага саюза мастакоў з 1995 г. У мастацкіх выставах бярэ ўдзел з 1982 г. Творы экспанаваліся на выставах у Беларусі, Эстоніі, Летуве, Італіі, Нямеччыне, ЗША. Персанальныя выставы: Нясвіжскі раённы краязнаўчы музей (1996); музей-замак у Нарве, Эстонія (1999); мастацкая галерэя г. Бад-Брайзіг, Нямеччына (2003); Палац мастацтва, Менск (2005, 2011); Магілёўскі абласны мастацкі музей імя Паўла Масленікава (2005); галерэя “Мастацтва”, Менск (2006); мастацкія галерэі ў Баранавічах (2007) і Барысаве (2012).

Працуе ў станковым жывапісе ў жанрах тэматычнай карціны, краявіду, рэчавіду. Найбольш значныя творы: “Вераснёўскія радоўкі” (1982), “Зямля” (1986), “Бабулін серп” (1987), “Старыя” (1990), “Набыццё крылаў” (1993), трыптых “Калыханка Калыбані – адселенай вёскі” (1998), “Дабравешчанне” (1998), “Знакі часу” (1999), “Крыгаход” (2000), “Каменныя міфы” (2001), “Дзіўны сон” (2002), “Вандроўкі Язэпа Драздовіча” (2002), “Востраў-крышталь” (2004), “Ля ракі” (2009).

Творы захоўваюцца ў фондах Музея сучаснага выяўленчага мастацтва ў Менску, Дзяржаўнага гістарычна-культурнага запаведніка “Заслаўе”, Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, Літаратурнага музея Максіма Багдановіча ў Горадні, у прыватных калекцыях Беларусі, Расеі, Італіі, Нямеччыны, ЗША ды іншых краін свету.

Педагагічнай дзейнасцю займаецца з 2007 г., выкладае ў Гімназіі-каледжы па музыцы і выяўленчым мастацтве імя І. Ахрэмчыка.

Жыве ў Менску.