Яніцкая Мая

Нарадзілася 22 траўня 1931 г. у фальв. Валянтынава Лагойскага раёна. Скончыла Усесаюзны інстытут савецкага гандлю (па спецыяльнасці эканоміка) (1955) і аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру Акадэміі навук Беларусі (1970). Кандыдат мастацтвазнаўства (1974). З 1969 г. працавала ў газеце “Звязда” ды іншых газетах, а таксама ў часопісах як грамадскі карэспандэнт. У 1971–1974 і з 1977 г. у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру (у 1977 г. прысвоена званне “старшы навуковы супрацоўнік па спецыяльнасці выяўленчае мастацтва”). У 1974–1977 гг. працавала ў выдавецтве “Беларуская Савецкая Энцыклапедыя”, у 1974–1975 гг. была загадчыкам рэдакцыі “Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі”. Сябар Беларускага саюза мастакоў з 1975 г., Мастацкага фонду БССР з 1977 г., Беларускага фонду культуры з 1993 г., Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў з 1994 г., Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны з 2008 г.

Даследуе беларускую культуру, у тым ліку старажытнае і сучаснае выяўленчае і дэкаратыўна-ўжытковае мастацтва. Асноўныя творы: “Беларускае мастацкае шкло XVI–XVIII стст.” (Менск, 1977), “Вытокі шкларобства Беларусі” (Менск, 1980), “Беларускае мастацкае шкло. XIX – пачатак XX ст.” (Менск, 1984), “Гісторыя шкляной вясёлкі” (Менск, 1986), “Мастацкае шкло Савецкай Беларусі” (на рас. мове), творчы партрэт мастака-кераміста “Фёдар Зільберт” (Менск, 1981), творчы партрэт мастака па шкле “Людміла Мягкова” (Менск, 1984). Укладальнік і аўтар тэксту фотаальбома “В граде Слуцке” (Менск, 2006).

Адна з аўтараў і навуковых рэдактараў універсальнай “Беларускай савецкай энцыклапедыі” ў 12 т. (1969–1975), “Навечна ў сэрцы народным” (Менск, 1977, на рас. мове), “Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі” ў 5 т. (Менск, 1984–1987), “Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі” ў 7 т., 8 кн. (Менск, 1984–1988), “Гісторыі беларускага мастацтва” ў 6 т. (Менск, 1987–1994), а таксама першага ў Беларусі мультымедыйнага выдання “Беларуская культура. Лепшыя старонкі. Іканапіс. Традыцыйны касцюм. Архітэктура. 100 рарытэтаў з музеяў Беларусі” (Менск, 2000, на рас. і анг. мовах). Дыск падрыхтаваў загадчык лабараторыі мультымедыйных тэхналогій Беларускага інстытута праблем культуры А. Шыфрын.

Адзін з аўтараў навуковых выданняў Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру “Помнікі старажытнабеларускай культуры” (Менск, 1984), “Помнікі культуры. Новыя адкрыцці” (Менск, 1985), “Помнікі мастацкай культуры” (Менск, 1989), “Помнікі мастацкай культуры эпохі Адраджэння” (Менск, 1994).

Удзельнік Другога Міжнароднага кангрэсу беларусістаў; даклад па тэме “Вяртанне страчанай спадчыны” (1995). Удзельнік міжнародных навуковых канферэнцый “Славянскія культуры і сусветны культурны працэс” (Менск, 1982), “Славяне: адзінства і мнагастайнасць” (Менск, 1990).

Адзін з аўтараў перыядычнага выдання Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў “Кантакты і дыялогі” (артыкул “Беларускія страты культурных каштоўнасцяў у час Другой сусветнай вайны” – 1996, № 4).

Укладальнік шэрагу каталогаў выставаў творчай суполкі “Пагоня” Беларускага саюза мастакоў (1996, 2000). Аўтар прадмовы і ўкладальнік раздзелаў па шкле, фарфоры, фаянсе і металапластыцы ў каталозе выставы Міністэрства культуры Беларусі ў Плоцку (Польшча) пад назовам “Мадэрн са збораў беларускіх музеяў” (Плоцк, 1990, на пол. мове).

Апублікавала пад тысячу артыкулаў, у тым ліку ў энцыклапедычных выданнях – 542, у зборніках – 195, у часопісах – 75, у газетах – 128. Выступіла з 44 дакладамі на міжнародных і айчынных навуковых кангрэсах, з’ездах, канферэнцыях і семінарах.

Узнагароджана медалём “Ветэран працы” (1989), медалём “За заслугі ў выяўленчым мастацтве” Беларускага саюза мастакоў (2001), медалём Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. Адзначана шматлікімі ганаровымі граматамі розных міністэрстваў, ведамстваў і ўстаноў Беларусі, а таксама Цэнтральнага камітэта прафесійных саюзаў.

Жыве ў Менску.

Творы