Варанкевіч Віктар

Варанкевіч Віктар

Нарадзіўся 23 чэрвеня 1961 г. у Менску.

Скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (1984).

Вучыўся ў Івана Харламава, Валянціна Гусева, Сяргея Баткоўскага, Ляніны Міронавай, Аляксандра Сямілетава, Ігара Атраховіча.

Сябар Беларускага саюза мастакоў з 2015 г. У мастацкіх выставах бярэ ўдзел з 1990 г.

Творы экспанаваліся на шматлікіх айчынных выставах.

Працуе ў галіне рэстаўрацыі абразоў i алейнага жывапісу, пераважна ў жанры партрэта. Найбольш значныя творчыя працы: копіі парсун для Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, рэканструкцыі парсун з выявамі манархаў Рэчы Паспалітай для Гарадзенскага дзяржаўнага гістарычна-археалагічнага музея, партрэты гаспадароў Лошыцкай сядзібы Любанскіх для Музея гісторыі горада Менска.

Удзельнічаў у аздабленні станцыі метро «Моладзевая», распрацоўваў інтэр’еры палаца культуры саўгаса «Белавежскі», праектаваў рэканструкцыю будынка Дзяржаўнага цырка (ўсё ў суаўтарстве).

Творы захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, Гарадзенскага дзяржаўнага гістарычна-археалагічнага музея, Музея гісторыі горада Менска, у прыватных калекцыях Беларусі, Францыі, Канады ды іншых краін свету.

Педагагічнай дзейнасцю займаецца з 1988 г., кіраўнік гуртка выяўленчага мастацтва пры дзіцяча-юнацкім клубе «Атлант» Цэнтральнага раёна г. Менска.

Жыве ў Менску.