Свентахоўская Валянціна

Нарадзілася 19 студзеня 1938 г. у Менску. Скончыла Менскую мастацкую навучальню (1960) і Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (1966). Вучылася ў Леаніда Шчамялёва, Івана Ахрэмчыка, Xаіма Ліўшыца, Акіма Шаўчэнкі. Сябар Беларускага саюза мастакоў з 1970 г. У мастацкіх выставах бярэ ўдзел з 1966 г. Творы экспанаваліся на выставах у Беларусі, Расеі, Нямеччыне, Польшчы. Персанальная выстава адбылася ў 2008 г.

Працуе ў станковым жывапісе, акварэлі ў жанрах рэчавіду і краявіду, а таксама ў тэхніцы ручнога пляцення. Найбольш значныя творы: “На радзіме. Цётка” (1976), “Памяць” (1977), “Бабульчын скарб” (1978), “Кветкі асеннія, родныя, бледныя…” (1981), “Пралескі” (1982), “Салют перамогі” (1982), “Сынам Радзімы” (1984), “Дукорскія лугі” (1987), “Святочны рэчавід” (1988), “Язмін” (1988), “Мірскі замак” (1991), “Сум па паэту” (1991), “Лілеі маім бацькам” (1992), “Пад сонцам” (2007), “Саламяны свет” (2008).

Творы захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Музея сучаснага выяўленчага мастацтва ў Менску, Беларускага саюза мастакоў, Міністэрства культуры Расейскай Федэрацыі, у прыватных калекцыях.

Педагагічнай дзейнасцю займалася з 1961 г. Выкладала ў Менскай гарадской мастацкай школе № 1 (1961–1970) і Рэспублiканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве імя І. Ахрэмчыка (1970–1995).

Жыве ў Менску.