Сокалава-Кубай Ніна

Нарадзілася 15 снежня 1958 г. у в. Забараўцы Пінскага раёна. Скончыла Менскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум (1978) і Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (1988). Вучылася ў Сяргея Баткоўскага, Ляніны Міронавай. Сябар Беларускага саюза мастакоў з 1997 г. У мастацкіх выставах бярэ ўдзел з 1991 г. Творы экспанаваліся на выставах у Беларусі, Летуве, Польшчы, Украіне. Персанальная выстава адбылася ў 2005 г. (Менск, галерэя “Добрыя Мыслі”.

Працуе ў галіне станковай і кніжнай выцінанкі. Выканала шэраг твораў для друку. Найбольш значныя творы: нізка “Францішак Скарына” (1991, супольна з Генадзем Сакаловым-Кубаем), нізка “Дрэва жыцця” (1995), “Святое. Божае Нараджэнне” (1994), “Бітва пад Воршай” (1998), “Божая Маці Вастрабрамская, маліся за нас” (1999), “Эпітафія” (1999) “Тры каралі” (1997), ”Ладдзя Рагнеды” (2002), “Раскіданае гняздо” (2010), дыптых “Маці Божая Вастрабрамская” (2010), ”Леў Сапега” (2014). Выканала аздабленне шматлікіх насценных і адрыўных календароў (1993–1995, 2001–2001), набор паштовак на тэму каляндарных святаў (1992).

Творы захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя Паўла Масленікава, у прыватных калекцыях Беларусі, Украіны, Польшчы, Летувы.

Педагагічнай дзейнасцю займаецца з 1996 г. Працавала кіраўніком студыі дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, старшым выкладчыкам Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта, выкладчыкам у Беларускім універсітэце культуры, выкладчыкам творчых майстэрань у Беларускай акадэміі мастацтваў.

Аўтар кнігі “Узоры з паперы. Беларуская выцінанка” (Масква, 2006, на рас. мове).

Жыве ў Менску.