Шатэрнік Алесь

Шатэрнік Алесь

Нарадзіўся 16 кастрычніка 1940 г. у г. Іванава (Расея).

Скончыў Менскую мастацкую навучальню (1964) i Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (1967). Вучыўся ў Генадзя Мурамцава, Ігара Глебава, Валянціна Гусева. Сябар Беларускага саюза мастакоў з 1975 г. У мастацкіх выставах бярэ ўдзел з 1966 г. Творы экспанаваліся на выставах у Беларусі, Нямеччыне, ЗША, Расеі, Польшчы, Летуве, Нарвегіі.

Персанальныя выставы: Менск (1999, 2000 (юбілейная), 2011, 2013, 2015); Нью-Джэрзі (2006); Джэрзі Сіты (2009).

Працуе ў галіне станковай i манументальна-дэкаратыўнай скульптуры, а таксама жывапісу. Найбольш значныя творы: «Хлеб» (1984), «Бабіна лета» (1968), «Рагнеда» (1984), «Кірыла Тураўскі» (1987), «Крывічы» (2001), «Дрыгавічы» (1984), «Вінцук Дунін-Марцінкевіч» (1983), «Якуб Колас  — настаўнік» (1982), «Максім Багдановіч» (1983), «Еўфрасіння Полацкая» (1994–1999), «Яўген Кулік» (2000), «Тадэвуш Касцюшка» (2005), манументальна-дэкаратыўныя працы «Гуканне вясны» (1980), «Развітанне» (2015), помнікі Андрэю Макаёнку (1986), Міхасю Ткачову (1993), Язэпу Драздовічу (1982), мемарыяльныя дошкі Гаўрылу Гарэцкаму, Кандрату Крапіве.

Творы захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Музея сучаснага выяўленчага мастацтва ў Менску, Беларускага саюза мастакоў, Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, Полацкага гістарычна-культурнага запаведніка, Трацякоўскай галерэі (Масква, Расея), у Белым Доме (Вашынгтон, ЗША), арт-музеі «Цымерлі» (Нью-Джэрзі, ЗША), у галерэях i прыватных зборах Беларусі, ЗША, Італіі, Францыі, Вялікай Брытаніі, Польшчы, Новай Зеландыі, Летувы ды іншых краін свету.

Узнагароджаны медалём «За заслугі ў выяўленчым мастацтве» Беларускага саюза мастакоў (2000).

Аўтар мастацкага выдання «СОНЦАКРЫЖ. Форма, колер, слова» (Менск, 2008).

Жыве ў Менску.