Раманоўская Ганна

Нарадзілася 5 сакавіка 1979 г. у Менску, дачка Лявона і Вольгі Раманоўскіх. Скончыла Менскую мастацкую навучальню імя А. Глебава (1998) і Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў (2004). Вучылася ў Аляксандра Кошалева, Уладзіміра Савіча, Міколы Купавы, Уладзіміра Басалыгі. Сябар Беларускага саюза мастакоў з 2007 г. У мастацкіх выставах бярэ ўдзел з 1997 г. Творы экспанаваліся на выставах у Беларусі (Менск, 2004; Берасце, 2012), Польшчы (Кшыжова, 2000; Люблін, 2009), Румыніі (Клюі-Напака, 2002; Плаешці, 2009), Італіі (Ламацца, 2006; Акуі Тэрмэ, 2009), Летуве (Коўна, 2007), Турцыі (Стамбул, 2008), Балгарыі (Варна, 2011).

Працуе ў галіне станковай і кніжнай графікі. Асноўныя творы: “Размова” (2004), “Шлях да Ерусаліма” (2007), “Вёска Белыя Ваўкі” (2008), “Зоркі” (2009), “Калодзежы” (2009), “Дрэва жыцця” (2014), ілюстрацыі да кніг “Аб Нараджэнні Хрыстовым” (2007), “Самы лепшы падарунак” (2014), “Дзед Манюкін і ўнукі” (2014), “Аповесць пра княгіню Рагнеду” (2015).

Творы захоўваюцца ў прыватных калекцыях Беларусі, Летувы, Польшчы.

Заняла 1-е месца па выніках міжнароднага конкурсу ў Японіі “Дзень ліста” (1997); 3-е месца ў конкурсе фатаграфіі і графікі “Імгненні нямецкай культуры – 2007” (Менск, Інстытут Гёте, 2007).

Жыве ў Менску.