Піскун Юрась

Піскун Юрась

Нарадзіўся 27 жніўня 1955 г. у Менску.

Скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (1980) і аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру Акадэміі навук Беларусі (1986).

Вучыўся ў Паўла Масленікава, Міхася Раманюка, Пётры Крохалева, Леаніда Дробава.

Сябар Беларускага саюза мастакоў з 1986 г. У мастацкіх выставах бярэ ўдзел з 1980 г.

Творы экспанаваліся на выставах у Беларусі, Расеі, Летуве, Эстоніі, Нямеччыне, Італіі, Гішпаніі, ЗША, Эфіопіі.

Персанальныя выставы: Нясвіж (1996); Бад-Брайзіг, Нямеччына (2003); Менск (2005, 2006, 2008, 2010, 2011, 2015); Магілёў (2005); Талін, Эстонія (2007); Баранавічы (2007), Барысаў (2012).

Працуе ў галіне жывапісу ў жанрах станковай карціны, партрэта, краявіду, а таксама ў галіне дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва ў жанрах габелена і тэатральнага касцюма. Асноўныя творы: палотны «Вяселле ў Беражцах» (1985), «Госці» (1996), «Старасвецкая мелодыя» (1996), «Палескі каравай» (1998), «Дзяды. На Куццю» (2002), «Святло нязгаснае» (2009), «Горад залаты» (2009), габелен «Полацкія званы» (1991), сцэнічныя касцюмы для ансамбляў «Харошкі» (1983–2015) і «Песняры» (1980, 1990, 2010).

Творы захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Музея сучаснага выяўленчага мастацтва, Беларускага саюза мастакоў, Гарадзенскага дзяржаўнага гістарычна-краязнаўчага музея, Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя Паўла Масленікава, Віцебскага і Магілёўскага абласных краязнаўчых музеяў, Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі, Дзяржаўнага музея гісторыі музычнага і тэатральнага мастацтва, у іншых дзяржаўных і прыватных зборах Беларусі, Гішпаніі, ЗША, Нямеччыны, Італіі.

Выкладае на кафедры касцюма і тэкстылю Беларускай акадэміі мастацтваў з 1994 г., дацэнт, прафесар кафедры.

Узнагароджаны сярэбраным медалём ВДНГ СССР (1986), медалём свяціцеля Кірылы Тураўскага Беларускага праваслаўнага экзархата.

Жыве ў Менску.