Пашкевіч Аляксандр

Пашкевіч Аляксандар

Нарадзіўся 6 кастрычніка 1946 г. у Мар’інай Горцы.

У 1963–1965 гг. навучаўся ў студыі выяўленчага мастацтва пры Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце, у 1966–1969 гг. — у Менскай мастацкай навучальні імя А. Глебава.

Настаўнікі — Юры Выхадцаў, Барыс Аракчэеў. Сябар Беларускага саюза мастакоў з 1979 г. Стыпендыят Саюза мастакоў СССР (1979–1982). У мастацкіх выставах бярэ ўдзел з 1972 г.

Творы экспанаваліся на выставах у Беларусі, Расеі, Славеніі.

Персанальныя выставы: Менск (1970, 1998, 1999, 2007, 2009.); Мар’іна Горка (2002); Маладзечна (1970, 1982, 1997, 2006, 2009); Гальшаны (2000).

Працуе ў станковым жывапісе ў жанры краявіду, а таксама ў графіцы. Аўтар нізкі твораў на гістарычныя тэмы, у якіх імкнуўся мастацкімі сродкамі даследаваць мінуўшчыну Беларусі — «Папараць-кветка» (1978), «Крэва» (1980) ды інш. У 2010–2015 гг. для твораў характэрны фармальныя пошукі, наследаванне Я. Драздовічу, М. Чурлёнісу. Асноўныя творы: «Лета прамінае» (1978), «Жнівеньскі вечар у Маладзечне» (1979), «Маладзечна пасля навальніцы» (1979), «У ваколіцах Маладзечна» (1983), «Дарога на Купалле» (2009), «Мастак над горадам» (2010), «Імкненне да блакітных нябёсаў» (2011), нізка малюнкаў па матывах паэзіі Максіма Багдановіча (1982).

Творы захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Беларускага саюза мастакоў, Менскага абласнога краязнаўчага музея, Міністэрства культуры Расейскай Федэрацыі, у выставачным аб’яднанні «Цэнтральны дом мастака» ў Маскве, Нацыянальнай бібліятэцы Лондана і прыватных калекцыях.

Педагагічнай дзейнасцю займаўся ў 1997–2010 гг. (выкладчык у мастацкай школе г. Маладзечна).

Жыве ў Маладзечне.