Назарчук Мікалай

Назарчук Мікалай

Нарадзіўся 5 жніўня 1927 г. у в. Санюкі Каралінскага (цяпер Ельскага) раёна.

Скончыў Менскую мастацкую навучальню (1952) i Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (1961).

Вучыўся ў Валянціна Волкава, Аляксандра Мазалёва, Акіма Шаўчэнкі, Аляксандра Казлоўскага.

Сябар Беларускага саюза мастакоў з 1967 г. У мастацкіх выставах бярэ ўдзел з 1962 г.

Творы экспанаваліся на выставах у Беларусі, Англіі, Францыі, Летуве, Польшчы, Расеі.

Персанальная выстава: Менск, Палац мастацтва (2003).

Працуе ў галіне станковага жывапісу ў жанрах тэматычнай карціны, партрэта, краявіду, рэчавіду. Асноўныя творы: «Аднавяскоўцы» (1975), «Кветкі для Алаізы Пашкевіч» (1976), «Сын» (1978), «Мікола Гусоўскі на Радзіме» (1981), «Танкавая бітва пад Сянно 9–16 ліпеня 1941 г.» (1986), «Пахаванне жаўрука. Чарнобыль» (1989), «Сястру з палону ратаваў» (1990), «Змаганне. 19 лютага 1989 года» (1993), Тадэвуш Касцюшка перад войскам» (1996), «Беларусь, твой народ дачакаецца» (1996), «Адраджэнне» (1997), «Нараджэнне стракозкі» (1998), «І прыйдзе час…» (1998), «Да святла» (1998), «Алегорыя цяперашняга часу» (2001), «Пад сімвалам незалежнасці. Мроі» (2001), «Партрэт Лявона Баразны» (2002), «Каін i Авель» (2003).

Творы захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Музея сучаснага выяў-ленчага мастацтва, Беларускага саюза мастакоў, у прыватных калекцыях Беларусі, Расеі, Польшчы, Францыі ды іншых краін.

Педагагічнай дзейнасцю займаўся ў 1952–1955 (выкладчык Віцебскай педагагічнай навучальні), 1964–1966 (выкладчык Менскага архітэктурна-будаўнічага тэхнікума), 1966–1974 (выкладчык Рэспубліканскай школы-інтэрната па музыцы i выяўленчым мастацтве імя І. Ахрэмчыка), 1976–1978 гг. (выкладчык архітэктурнага факультэта Беларускага дзяржаўнага політэх-нічнага інстытута). Узнагароджаны медалём «За адвагу».

У 1974–1975 гг. адказны сакратар праўлення Саюза мастакоў Беларусі.

Жыве ў Менску.