Мяжуеў Рыгор

Нарадзіўся 11 сакавіка 1958 г. у в. Паддубцы Аршанскага раёна. Скончыў Віцебскі дзяржаўны педагагічны інстытут (мастацка-графічны факультэт) (1980). Вучыўся ў Алега Арлова, Івана Сталярова, Пётры Анашчанкі. Сябар Беларускага саюза мастакоў з 1999 г. У мастацкіх выставах бярэ ўдзел з 1996 г. Творы экспанаваліся на шматлікіх выставах у Беларусі.

Персанальныя выставы: “Выстава двух” – Маладзечна (1994); Маладзечна (1998, 1999, 2001, 2001, 2005); “Акварэльныя вітражы” – Маладзечна (2006); “Восень” – Вілейка (2006); “На скрыжаванні шляхоў” – Менск (2008); “Нашчадкам Міхала Падалінскага” – Маладзечна (2010).

Працуе ў галіне жывапісу пераважна ў жанрах краявіду, рэчавіду, партрэта. Асноўныя творы: нізка “На Беларусі Бог жыве”, прысвечаная Уладзіміру Караткевічу: “Куцейна” (1998), “Сынкавічы” (1998), “Езуіцкі калегіюм у Воршы” (2009); нізка “Сцежкамі Язэпа Драздовіча”: “Крэўскі матыў” (2000), “Зіма ў Падсвіллі” (2008), “Касцёл у Задарожжы” (2008); “Восеньскія клопаты” (1998), “Фальклёрныя матывы” (1998), “Нясвіж” (1999), “Браслаўшчына” (2003), “Наваградскі замак” (2006).

Творы захоўваюцца ў фондах Менскага абласнога краязнаўчага музея (Маладзечна) і ў прыватных калекцыях.

Педагагічнай дзейнасцю займаецца з 1985 г. Выкладчык малюнка і кампазіцыі ў Гімназіі-каледжы мастацтваў г. Маладзечна.

Жыве ў Маладзечне.