Мікіта Віктар

Мікіта Віктар

Нарадзіўся 25 красавіка 1955 г. у Горадні.

Скончыў Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы i выяўленчым мастацтве імя І. Ахрэмчыка (1973) i Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (1979).

Вучыўся ў Пётры i Валянціны Свентахоўскіх, Аляксандра Шэверава, Васіля Шаранговiча.

Сябар Беларускага саюза мастакоў з 1981 г.

У мастацкіх выставах бярэ ўдзел з 1976 г.

Творы экспанаваліся на выставах беларускай графікі ў Грэцыі, Францыі, Эфіопіі, Польшчы, Балгарыі, Расеі, Украіне.

Персанальная выстава адбылася ў 2006 г. (Менск, Палац мастацтва).

Працуе ў галіне кніжнай, станковай графікі, жывапісу, у камбінаванай тэхніцы. Асноўныя творы ў кніжнай графіцы: А. Грачанікаў «Палескія легенды» (1986), У. Шэкспір «Санеты i трагедыі» (1989), А. Лойка «Скарына на Градчанах» (1990), У. Караткевіч «Чортаў скарб» (1995); у станковай графіцы: «Адвечная песня» (1986), «Курган» (1986), нізка аркушаў «Мая Іліяда» (1983), нізка «Старажытная Горадня» (1988); у жывапісе: «Падзенне Ікара» (1993), «Бацькі з магіл цяплом дыхнулі» (1999), «Рэчавід з ружай» (2009), нізка «Залессе. Маёнтак Агінскага» (2015); у камбінаванай тэхніцы: «Насарог» (1994), «Квітнеючы бацькаў кошык» (1998), «Умоўная дуэль» (2005), «Мапа Вялікага Княства Літоўскага XV ст. » (2010), «Рукою Бога» (2012), «Кніга жыцця» (2015).

Творы захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Музея сучаснага мастацтва ў Менску, літаратурных музеяў Якуба Коласа, Янкі Купалы, Адама Міцкевіча, у Расейскай акадэміі мастацтваў, а таксама ў прыватных калекцыях Нямеччыны, Швейцарыі, Кітая, Фінляндыі, Эстоніі, Расеі.

Мае дыпломы айчынных i міжнародных конкурсаў кніжнай графікі.

Педагагічнай дзейнасцю займаўся з 1981 г. Да 1986 г. працаваў на кафедры графiкi ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце. У 2008–2015 гг. выкладаў у Iнстытуце сучасных ведаў iмя А. Шырокава.

Жыве ў Менску.