Маркавец-Бартлава Валянціна

Нарадзілася 24 жніўня 1951 г. у в. Янкі Докшыцкага раёна. Сястра Віктара Маркаўца. Скончыла Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (1973). Вучылася ў Паўла Масленікава, Святланы Васільевай, Святланы Жыбулі. Сябар Беларускага саюза мастакоў з 1980 г. У мастацкіх выставах бярэ ўдзел з 1973 г. Творы экспанаваліся на выставах у Беларусі, Польшчы, Летуве. Персанальныя выставы: Заслаўе (1985), Гайнаўка (1990), Ушачы (1992), Віцебск (1995), Менск (1993, 2000, 2001, 2004, 2011).

Працуе ў галіне сцэнічнага касцюма і габелена. Асноўныя творы: габелены “Купалле” (1982), “Восеньскія рытмы” (1987), “Мая праца” (1981), “Раўбічы” (1984), манументальныя габелены для Палаца Рэспублікі “Мелодыя горада”, “Мелодыя краю” (1989–1990); серыя з шасці манументальных габеленаў “Вытокі” для Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1999). Выканала камплекты сцэнічных касцюмаў для дзяржаўных ансамбляў “Харошкі” (1974), “Песняры” (1975–1982), народных сцэнічных касцюмаў для розных беларускіх харавых, танцавальных і вакальна-інструментальных ансамбляў.

Творы захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Віцебскага абласнога мастацкага музея, Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, у Палацы Рэспублікі, у прыватных калекцыях Беларусі, Польшчы, Нямеччыны, Летувы, ЗША.

Педагагічнай дзейнасцю займаецца з 1991 г. Дацэнт, загадчык кафедры касцюма і тэкстылю ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (2004). Узнагароджана медалём “За заслугі ў выяўленчым мастацтве” Беларускага саюза мастакоў (2001), нагрудным знакам Міністэрства культуры “За ўклад у развіццё культуры Беларусі” (2002), дыпломам “За педагагічнае майстэрства” (2000).

Жыве ў Менску.