Марачкін Ігар

Марачкін Ігар

Нарадзіўся 22 лютага 1963 г. у Віцебску.

Сын Аляксея Марачкіна. Скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (1985). Вучыўся ў Паўла Масленікава, Віктара Маркаўца, Паўла Семчанкі, Ляніны Міронавай.

Сябар Беларускага саюза мастакоў з 1997 г.

У мастацкіх выставах бярэ ўдзел з 1994 г.

Творы экспанаваліся на выставах у Беларусі (Менск, Віцебск, Горадня, Жодзіна, Чэрыкаў), Партугаліі (Лісабон), Нямеччыне (Мюнстэр, Эслінген, Штутгарт, Штайнфурт), Англіі (Страўд, Глостэр). Як ліквідатар аварыі на Чарнобыльскай АЭС браў удзел у айчыннай выставе «Чарнобыль  — наш боль i надзея».

Працуе ў галіне жывапісу, графікі i дызайну. Найбольш значныя творы: трыптых «Да нябёсаў» (1996), «Экспрэсія колераў» (1996), «Плот» (1996), трыптых «У чаканні вясны» (1997), «Свята куста» (1998), «Маладзік» (1999), «Суб’ектыўная рэальнасць» (2011).

Аўтар i выканаўца праектаў аздабленьня беларускіх класаў у школах г. Менска i Бельскім беларускім ліцэі (Польшча, 1990–1993), музея Францішка Багушэвіча ў Жупранах (1990), краязнаўчага музея ў вёсцы Германавічы (1989), а таксама бажніцы Беларускай аўтакефальнай царквы ў Кліўлендзе (ЗША, 2000–2001).

Творы захоўваюцца ў прыватных калекцыях Беларусі, Нямеччыны, Польшчы, Вялікабрытаніі, Партугаліі ды іншых краін свету.

Арганізаваў i правёў міжнародныя творчыя праекты для таленавітай моладзі «Беларусь вачыма дзяцей» у Беластоку (2009), «Каляровы свет дзяцей Беларусі» ў Радаме (2009), «Біенале аўтапартрэта» ў Радаме (2011), скульптурны пленэр у Любліне (2014).

Педагагічнай дзейнасцю займаецца з 2004 г. Выкладчык мастацкіх дысцыплін у Гімназіі-каледжы мастацтваў імя І. Ахрэмчыка.

Жыве ў Менску.