Марачкін Аляксей

Марачкін Аляксей

Нарадзіўся 30 сакавіка 1940 г. у в. Папоўшчына (цяпер Новая Слабада) Чэрыкаўскага раёна. Скончыў Віцебскі дзяржаўны педагагічны інстытут (мастацка-графічны факультэт) (1962) i Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (1972). Вучыўся ў Івана Ахрэмчыка, Натана Воранава. Сябар Беларускага саюза мастакоў з 1977 г. Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў з 2013 г. У мастацкіх выставах бярэ ўдзел з 1966 г.

Працуе пераважна ў станковым жывапісе ў жанрах партрэта, тэматычнай карціны, краявіду, рэчавіду. Асноўныя творы: серыя партрэтаў дзеячоў гісторыі i культуры Беларусі  — «Цётка» (1976), «Мікола Гусоўскі» (1981), «Вераніка i Максім» (1981), «І кветкі, i хлеб  — паэтам. Я. Купала i Я. Колас» (1982), «Вінцук Дунін-Марцінкевіч» (1983), «Кірыла Тураўскі» (1987), «Сымон Будны» (1989), «Рагнеда i Ізяслаў» (1991), «Леў Сапега» (1994), «Зянон Пазьняк» (1996), «Анатоль Сыс» (2010). Рамантычная i сімвалічна-алегарычная трактоўка вобразаў характэрна для карцін «Гуканне вясны» (1976), «У калядную ноч. Заслаўе» (1982), «Цяжар» (1991), трыптыха «Анёлы маёй зімы» (1993), «Дровы-1» (2010), «Дровы-2» (2011), «Дом ветэрана» (2013). Чарнобыльская тэма адлюстравана ў палотнах «Палын» (1987), «Хадора» (1989), «Маці Божая ахвяраў Чарнобыля» (1990), «Палеская мадонна» (1991) ды інш. Карціны апошняга часу  — сацыяльна-палітычнага гучання: «Сляза Міндоўга» (2008), «Сцяна» (2001), «Навала» (2013), «Павязаныя» (2015), «Рэйханутыя» (2015).

Творы захоўваюцца ў музейных i прыватных зборах Беларусі i замежных краін.

Педагагічнай дзейнасцю займаўся ў 1975–1996 гг. (выкладчык, з 1990 г. загадчык кафедры жывапісу Беларускай акадэміі мастацтваў).

Аўтар кніг «Аўтаманаграфія» (Менск, 2000), «Калодзеж у жыце» (Менск, 2013).

Узнагароджаны медалём Францішка Скарыны (1992). Лаўрэат прэміі імя Васіля Быкава «За свабоду думкі» (2013).

У 1990–1998 i 2005–2011 гг. старшыня Рады творчай суполкі «Пагоня».

Жыве ў Менску.