Лось Аляксандар

Нарадзіўся 13 верасня 1958 г. у Менску. Скончыў Менскую мастацкую вучэльню імя А. Глебава (1977) і Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (1983). Вучыўся ў Альгерда Малішэўскага, Трафіма Ігнаценкі, прафесара жывапісу Паўла Любамудрава. Сябар Беларускага саюза мастакоў з 1989 г. Сябар Саюза мастакоў Рэспублікі Польшча з 1994 г. У мастацкіх выставах бярэ ўдзел з 1982 г. Творы экспанаваліся на шматлікіх айчынных і міжнародных выставах. Персанальная выстава графікі і ручной паперы адбылася ў Полацку ў 2001 г.

Працуе ў галіне станковай графікі і жывапісу, а таксама выцінанкі і плаката. Асноўныя творы: аркушы “Трыста гадоў Смаргонскай акадэміі”, “Партрэт дзяўчыны”, “Краявід з лазняй”, “Аўтапартрэт”, “Анёлы”, “Гістарычныя мясціны Смаргоншчыны”, серыя “Народныя музыкі”, выцінанкі “Лірнік”, “Заграйце, музыкі, заграйце”, “Ой, ляцелі гуселькі”, плакаты да спектакля “Мікітаў лапаць”.

Удзельнічае ў разнастайных творчых імпрэзах і праектах: трыенале аўтапартрэта ў гонар Мальчэўскага – Кракаў, Радам, Варшава, Познань (Польшча) (1995); праект “Міфалагічнае падарожжа” – Эклізія, Мілас (Турцыя), востраў Кос (Грэцыя) (1997); пленэр “Харціята”, ручная папера, выстава ў Добрушы (Балгарыя) (1999). Ад 2005 г. праводзіць мастацкія пленэры і майстар-класы на сваёй сядзібе.

Творы захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, у прыватных калекцыях Беларусі, Польшчы.

Узнагароджаны ордэнам св. Марыі Магдалены за стварэнне іканастаса ў мястэчку Чыжы, Польшча (1993).

Жыве на аграсядзібе “Хутар Дудара” пад Менскам.