Лось Алена

Нарадзілася 4 лютага 1957 г. у Менску. Скончыла Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут з дыпломам выдатніка (1979) і аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру Акадэміі навук Беларусі (1984). Вучылася ў Ларысы Лось, Міхася Раманюка, Яўгена Харытоненкі, Пётры Крохалева, Міхаіла Кацара. Сябар Беларускага саюза мастакоў з 1989 г. У мастацкіх выставах бярэ ўдзел з 1970 г. Творы экспанаваліся на шматлікіх айчынных і міжнародных выставах. Персанальныя выставы: філіял Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Гальшаны (2002–2003, 2005, 2008); Выставачная зала г. Бабруйска (2005).

Займалася вырабам аб’ектаў інтэр’еру, аўтарскіх сувеніраў, дробнай пластыкі з саломкі, мадэляваннем адзення, тэкстыльнай аплікацыяй і размалёўкай па тканіне. Цяпер працуе ў галіне трыкатажнага дызайну, жывапісу і кніжнай ілюстрацыі.

Стварыла серыю габеленаў-аплікацый “Народны каляндар”, нізку саламяных павукоў, наборы сцэнічных упрыгожанняў з саломкі “Карона”, “Пацеркі”, батыкі “Лясная варта”, “Кветкі”, “Вясна”. Разам з Ларысай Лось рэстаўравала шэдэўры айчыннага манументальнага мастацтва – царскія брамы, зробленыя з саломкі, ХVІІІ–ХІХ стст. (1975–1976). Да 600-годдзя Грунвальдскай перамогі зрабіла рэканструкцыю гістарычных харугваў (2010). Распрацавала і выканала камплект лялек тэатра “Батлейка” (2013–2014).

Творы захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Расейскага этнаграфічнага музея (Санкт-Пецярбург), Музея старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Беларускага саюза мастакоў, у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча, менскім касцёле св. Сымона і Алены, у прыватных калекцыях Беларусі, Польшчы, Нямеччыны, Аўстраліі, Галандыі, Італіі, Кіпра.

Аўтар мастацтвазнаўчых публікацый у часопісах “Декоративное искусство СССР”, “Мастацтва”, “Беларусь”.

Жыве ў Менску.