Лапіцкая Антаніна

Нарадзілася 29 сакавіка 1947 г. у м. Церахоўка Добрушскага раёна. Скончыла Менскую мастацкую навучальню (1968) і Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (1976). Вучылася ў Лявона Дубара, Васіля Шаранговіча, Паўла Любамудрава. Працавала ў выдавецтвах “Мастацкая літаратура”, “Юнацтва”, “Народная асвета” і ў выдавецтве Свята-Петрапаўлаўскага сабора. Сябар Беларускага саюза мастакоў з 1980 г. У мастацкіх выставах бярэ ўдзел з 1968 г. Творы экспанаваліся на выставах у Беларусі, Летуве, Расеі, Польшчы, Францыі, Італіі.

Працуе ў галіне кніжнай і станковай графікі. Найбольш значныя творы: “Маці” (1969), “Вечар у Гальшанах” (1972), “Бацька” (1973), “Па-над Свіслаччу” (1974), “Куток старога Менска” (1975), “Гучаць над Палессем даўнія песні” (1978), “Застыў час бурштынам палескага вечара” (1980), “Максім Багдановіч” (1982), “На шляхах да пакаяння. Прысвячэнне Аршанскай бітве” (1998), “Францыск Скарына” (2000), ілюстрацыі да кніг “Вянок” М. Багдановіча, “Сцяпан – вялікі пан” А. Вольскага, ”Колас на ржышчы” А. Арочкі, “Дружбакі” А. Русака, “Едзе страшная Яга” С. Шушкевіча, “Вершы” Цёткі, “Беларускія народныя гульні”, “Удовін сын”, “Біблія” ў пераказе М. Клімковіча і М. Шайбака, ”Вера нашых бацькоў” Л. Качанкі.

Творы захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Беларускага саюза мастакоў, Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, Аб’яднання дзяржаўных літаратурных музеяў Беларусі, у прыватных калекцыях.

Узнагароджана дыпломамі на айчынных і міжнародных конкурсах кніжнага мастацтва (1979, 1980, 1983, 1984, 1994, 2006).

Жыве ў Менску.