Ладуцька Хведар

Ладуцька Хведар

Нарадзіўся 29 снежня 1943 г. у в. Махоўка Рудзенскага (цяпер Пухавіцкага) раёна.

Скончыў Менскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум (1964) i Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (1975).

Вучыўся ў Алега Хадыкi.

Працаваў дызайнерам у шматлікіх бюро эстэтыкі i мастацкага праектавання ў Менску ў 1970–1990-х гг.

Сябар Беларускага саюза мастакоў з 1995 г. У мастацкіх выставах бярэ ўдзел з 1976 г.

Творы экспанаваліся на выставах Беларускага саюза мастакоў у Менску.

Удзельнік групавых i персанальных выставаў у Менску, Уздзе, Мар’інай Горцы, Ваўкавыску, Пружанах, Свіслачы, Крычаве ды іншых гарадах Бацькаўшчыны.

Працуе ў галіне станковага жывапісу пераважна ў жанрах краявіду i рэчавіду (пастэль, алей). Найбольш значныя творы: «Плынь» (2010), «Страча» (2013), «Родныя прасторы» (2014), «Пціч» (2014), «Задуменнасць» (2015), «Нёманскі рум» (2015), «Вёска Жажэлка» (2015), «Прыпяць» (2015), «Альберцінскае возера» (2015).

Аўтар канцэптуальнай распрацоўкі Рэспубліканскага музея народнага мастацтва ў Раўбічах (1975), Мемарыяльнага музея Якуба Коласа ў Акінчыцах (1982), Літаратурнага музея Петруся Броўкі ў Менску (1995).

Творы захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, у шматлікіх рэгіянальных мастацкіх галерэях i музеях краіны (Полацак, Пінск, Ліда, Слонім, Наваградак, Салігорск ды інш.), у прыватных калекцыях Беларусі, Нямеччыны.

Жыве ў Менску.