Купава Мікола

Нарадзіўся 31 студзеня 1946 г. у Воршы. Скончыў Менскую мастацкую вучэльню (1968) і Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (1976). Настаўнікі – Алег Луцэвіч, Павел Любамудраў, Васіль Шаранговіч. Сябар Беларускага саюза мастакоў з 1978 г. У мастацкіх выставах бярэ ўдзел з 1972 г. Творы экспанаваліся на больш як 80 айчынных і міжнародных выставах.

Працуе ў галіне кніжнай і станковай графікі, жывапісу ў жанрах гістарычнага партрэта, кампазіцыі, краявіду. Асноўныя творы: партрэты Кастуся Каліноўскага (1976, 1977, 1978), Цёткі, Каруся Каганца, Вінцука Дуніна-Марцінкевіча (1979), Янкі Купалы, Якуба Коласа (1981), Вітаўта Вялікага (1990, 2000, 2012), Вялікага князя Альгерда (2012), караля Міндоўга (2012), Канстанціна Астрожскага (2005), альбомы гравюр “Шляхамі Янкі Купалы” (1980), “Родны бераг песняра” (1982). Аздобіў творы Цёткі, Каруся Каганца, Вінцэся Каратынскага ды іншыя кнігі.

Творы захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, Дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, Менскага абласнога краязнаўчага музея, Музея гісторыі і культуры Аршаншчыны, Дзяржаўнага гістарычна-культурнага запаведніка “Заслаўе”, у прыватных калекцыях розных краін свету.

Узнагароджаны дыпломам і медалём імя Францыска Скарыны за мастацкае аздабленне энцыклапедычнага даведніка “Францыск Скарына і яго час” (1988). Лаўрэат прэміі Беларускага фонду Тадэвуша Касцюшкі. Пераможца конкурсу “Вечныя гарады”. Уладальнік прывілею Фонду імя Льва Сапегі за аздабленне кнігі казак Уладзіміра Караткевіча “Лебядзіны скіт” (2011).

Педагагічнай дзейнасцю займаўся ў 1976–1978 (выкладчык Менскай мастацкай вучэльні імя А. Глебава), 1990–1996 (намеснік дырэктара), 2002–2006 гг. (выкладчык БНТУ, факультэт архітэктуры).

У 1998–2010 гг. старшыня творчай суполкі “Пагоня”.

Жыве ў Менску.