Карповіч Алег

Нарадзіўся 31 ліпеня 1960 г. у Ляхавічах. Скончыў Менскую мастацкую навучальню імя А. Глебава (1979) і Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (1985). Вучыўся ў Трафіма Ігнаценкі, Паўла Любамудрава, Васіля Ярмоленкі, Паўла Семчанкі, Васіля Шаранговіча, Уладзіміра Савіча. Сябар Беларускага саюза мастакоў з 1996 г.

У мастацкіх выставах бярэ ўдзел з 1980 г. Творы экспанаваліся на выставах у Беларусі. Персанальныя выставы: “Свет вачыма мастака” ў галерэі імя Пранішнікава ў Светлагорску (2014) і ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь (2015), “Сяброўскія шаржы” ў бібліятэках імя Л. Талстога, Я. Купалы, А. Пашкевіч ды іншых у Менску ў розныя гады, “Сяброўскі аловак” у мабільнай галерэі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (2008).

Працуе ў галіне сатырычнай, газетнай, часопіснай і кніжнай графікі, а таксама як плакатыст, экслібрысіст і інсталятар. Аформіў больш за 100 кніг. Асноўныя творы: нізка сатырычных аркушаў “Цяжкая ноша беларуса” (1992–1997), серыя малюнкаў да газетнай аўтарскай рубрыкі “Вачыма мастака” (2011–2015).

Сяброўскія шаржы захоўваюцца ў прыватных калекцыях розных краін свету.

Узнагароджаны знакам “Выдатнік друку” (2012).

Жыве ў Менску.