Гудзіновіч Юрась

Нарадзіўся 1 сакавіка 1952 г. у Менску. Скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (1979). Вучыўся ў Юрася Любімава, Станіслава Ларчанкі. Сябар Беларускага саюза мастакоў з 1987 г. У мастацкіх выставах бярэ ўдзел з 1976 г. Творы экспанаваліся на шматлікіх айчынных і замежных выставах.

Працуе ў галіне мастацкай апрацоўкі металу. Стварыў дэкаратыўныя кампазіцыі “Птушкі” (1976), “Зіма” (1980), “Абуджэнне” (1981), “Поўнач” (1982), “Халодны вецер” (1983), “Вясёлка” (1984), “Пасля дажджу” (1985), “Стылет-01” (2011). Зрабіў рэканструкцыі старажытнай зброі XV–XVIII стст., гусарскага даспеху XVII ст. для Мірскага замка (1991–1993). Выканаў люстры і рашоткі ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча (1989–1990), люстры і металёвае аздабленне для Рэспубліканскага палаца дзяцей і моладзі (1994), пано ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі (2004).

Творы захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Беларускага саюза мастакоў, Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, Маскоўскай збройнай палаты, у прыватных калекцыях Беларусі, Польшчы, ЗША, Галандыі, Нямеччыны, Расеі ды іншых краін свету.

Педагагічнай дзейнасцю займаўся ў 1979–1986 гг. (выкладаў у Беларускай акадэміі мастацтваў).

Жыве ў Менску.