Гаранская Тацяна

Гаранская Тацяна

Нарадзілася 5 снежня 1951 г. у Менску.

Скончыла Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (1980) і аспірантуру гэтай установы (1986).

Вучылася ў Міхася Раманюка і Эльмарта Петэрсона. Сябар Беларускага саюза мастакоў з 1986 г.

У 1997–2004 гг. выкладчык кафедры гісторыі і тэорыі мастацтваў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Ад 1978 г. выступае ў айчынным друку па праблемах сучаснага беларускага мастацтва. Даследуе гісторыю беларускага народнага касцюма.

Вывучае мінуўшчыну старажытнага Заслаўя. Працуе ў галіне мастацкага фота, а таксама маляваных дываноў і батыкаў.

Персанальныя выставы: «Заслаўе  — старажытны горад» (Менск, 1991), «Старонкі гісторыі Заслаўя ў маляванках» (Заслаўе, 1996), «Алюзіі і рэаліі магнатаў Пшаздзецкіх» (Заслаўе, 1998), «Магнаты Глябовічы і Заслаўе» (Заслаўе, 1998) (усе супольна з Віктарам Маркаўцом); выставы мастацкага фота: «Старадаўняе Заслаўе» (Менск, 2001), «Заслаўе  — старажытны горад» (Заслаўе, 2002), «Каардынаты жыцця» (Заслаўе, 2011).

Ініцыятар стварэння і арганізатар Дзяржаўнага гістарычна-культурнага запаведніка «Заслаўе» (1986). Заснавальнік і ўдзельнік фальклорнага гурта «Заслаўскія летуценнікі» (1986–1996). У ліку заснавальнікаў (поруч з Ірынай Каліноўскай і Віктарам Маркаўцом) мастацкай галерэі «Добрыя Мыслі», якая дзейнічала ў 2003–2011 гг. На рахунку гэтай галерэі болей за 300 выставаў беларускіх мастакоў, пераважна з суполкі «Пагоня». У 2001–2013 гг. супольна з Віктарам Маркаўцом арганізавалі ў Заслаўі і Менску дзесяць пленэраў маляванага дывана. Ад 2013 г. узначальвае творчае грамадскае аб’яднанне «Мастак» імя В. Маркаўца.

Аўтар больш як 180 артыкулаў у айчынным перыядычным друку па сучасным выяўленчым мастацтве Беларусі. Стварыла шэраг творчых партрэтаў сяброў суполкі «Пагоня». Выдала манаграфіі «Іван Пратасеня» (Менск, 1986), «Заслаўе. Гістарычны краявід» (Менск, 2005).

Жыве ў Заслаўі.