Драздоў Генадзь

Драздоў Генадзь

Нарадзіўся 11 сакавіка 1959 г. у в. Паддуб’е Рагачоўскага раёна.

Скончыў Менскую мастацкую навучальню імя А. Глебава (1979), Беларускую акадэмію мастацтваў (1989).

Вучыўся ў Івана Чухраева, Віктара Маркаўца.

Сябар Беларускага саюза мастакоў з 1999 г.

У мастацкіх выставах бярэ ўдзел з 1981 г.

Творы экспанаваліся на выставах у Беларусі, Польшчы, Чэхіі, Нямеччыне, ЗША, Нарвегіі, Бельгіі, Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, Украіне, Расеі.

Наладзіў больш за дзесяць персанальных выставаў у Беларусі i за яе межамі.

Працуе ў галіне графікі, жывапісу, мастацкіх праектаў. Найбольш значныя творы: «Малітва аб незалежнасці Беларусі», «Рэхаформ», «Вяртанне блуднага сына», «Шлях вузкай брамай», «Час восені», «Пакінуты Беларускі дом», нізка «Фрагменты беларускага барока». Узнагароджаны дыпломам I ступені за серыю графічных працаў на II Менскай міжнароднай выставе графікі (2009), дыпломам III ступені (у намінацыі лічбавае фота) на IV Менскім міжнародным фестывалі лічбавага мастацтва (2013).

Аўтар шматлікіх канцэптуальных праектаў: «I Фэст Беларускага духоўнага мастацтва». Менск, Палац мастацтва (1999); «ARTрэйтынг». Менск, галерэя «Золата» (2001); «Перформанс «Вясны»». Менскі касцёл св. Сымона i Алены (2001); «Кіеў-2005. Праект беларускіх мастакоў (жывапіс, палітычная сатыра)», Кіеў (2005); «II Фэст Беларускага духоўнага мастацтва». Менск, Палац мастацтва (2012).

Творы захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, у прыватных калекцыях.

У 2011–2016 гг. старшыня Рады творчай суполкі «Пагоня».

Жыве ў Менску.