Цыркуноў Алесь

Нарадзіўся 28 сакавіка 1948 г. у в. Лясань Жлобінскага раёна. Скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (1976). Вучыўся ў Хаіма Ліўшыца, Пётры Крохалева, Мая Данцыга. Сябар Беларускага саюза мастакоў з 1983 г. У мастацкіх выставах бярэ ўдзел з 1975 г. Творы экспанаваліся на выставах у Беларусі, Расеі, Латвіі, Летуве. Персанальныя выставы: Менск (1982, 2000), Полацак (1986), Магілёў (1988), Горадня (1993), Маладзечна (2002), Мядзел (2005), Гомель (2015), Ветка (2015).

Працуе ў галіне станковага жывапісу пераважна ў жанрах партрэта, тэматычна-гістарычнай карціны, краявіду, рэчавіду. Найбольш значныя творы: “Бабуліна спадчына” (1975), “Веткаўчанін Хведар Шкляраў” (1976), “Гусляр” (1980), “Белая мелодыя” (1982), “Спрадвеку ад Нараджэння” (1983), “Хрост ліцьвінаў” (1985), “Дудары” (1983), “Барвяны шчыт. Прысвячэнне У. Караткевічу” (1987), “Бульба” (1987), “Знак бяды. Прысвячэнне В. Быкаву” (1990), “Покліч” (1991), “Ані канца, ані пачатку” (1995), “Плашчаніца” (2000), “Рассунуўшы цемру. Прысвячэнне М. Ермаловічу” (1993), трыптыхі “Лявоніха” (1980), “Свята” (1988), “Курапаты-прывід” (1992), “Памяці Язэпа Драздовіча” (1990), “Плошча і постаці Паставаў” (2014), “Героям Монтэ-Касіна” (2015).

Творы захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Музея сучаснага выяўленчага мастацтва, Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя Паўла Масленікава, Гомельскага музея сядзібна-паркавай архітэктуры, Веткаўскага музея народнай творчасці, у прыватных зборах Беларусі, Расеі, Італіі, Польшчы.

Педагагічнай дзейнасцю займаўся ў 1979–1982 гг. (выкладчык малюнка і жывапісу кафедры архітэктуры Беларускага політэхнічнага інстытута) і ў 1983–1984 гг. (настаўнік малюнка і жывапісу ў сярэдняй школе № 75 г. Менска).

Узнагароджаны ордэнам “Гонар Айчыны” (1993) і чэшскім медалём Масарыка (2005).

Жыве ў Менску.