Батальёнак Ягор

Нарадзіўся 19 верасня 1946 г. у в. Вялікія Труханавічы Чашніцкага раёна.

Скончыў Віцебскі дзяржаўны педагагічны інстытут (мастацка-графічны факультэт) (1968).

Вучыўся ў Рыгора Клiкушына, Iвана Сталярова, Фелікса Гумена,
Альберта Някрасава. Сябар Беларускага саюза мастакоў з 1981 г. У мастацкіх выставах бярэ ўдзел з 1974 г.

Творы экспанаваліся на шматлікіх выставах у Беларусі i за мяжою.
Персанальныя выставы: Віторыя, Гішпанія (1992); Орынген, Нямеччына (1998); Дордрэхт, Нідэрланды (1999); Нью-Ёрк, Кліўленд, ЗША (2009); Менск (1995, 2002, 2005); Светлагорск (2013) ды інш.

Працуе ў станковым жывапісе пераважна ў жанрах краявіду i рэчавіду. Асноўныя творы: «Цвіце стары сад» (1974), «Лета на Віцебшчыне» (1980), «Ажыны» (1980), «Дзяцінства светлы дзень» (1981), нізка пастэляў «Родны край» (1984), «Дзе сон-трава» (1986), «Бабіна лета» (1989), «Гарызанталь» (1994), «Абярэг» (1995), «Повязь» (1995), «Атока» (1999), «Райская яблыня» (2001), «На золку» (2004), «Стары пасад» (2007), «Той край» (2009). У 1996 г. атрымаў 1-ю прэмію Прадстаўніцтва ААН у Беларусі за жывапісны твор «Повязь» з удзелам у міжнароднай выставе «Хабітат-2» у Стамбуле (Турцыя).

Творы захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Музея сучаснага выяўленчага мастацтва ў Менску, Беларускага саюза мастакоў, Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя Паўла Масленікава, Полацкага гістарычна-культурнага запаведніка, Гарадзенскага гістарычна-археалагічнага музея, Дзяржаўнага гістарычна-культурнага запаведніка «Заслаўе», Чашніцкага гістарычнага музея, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Беларускага музея ў Гайнаўцы ды іншых музейных i прыватных зборах розных краін свету.

Педагагічнай дзейнасцю займаўся ў 1970–1988 гг. (выкладчык у Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы i выяўленчым мастацтве імя І. Ахрэмчыка).

Жыве ў Менску.