Бартлаў Лявон

Нарадзіўся 19 лютага 1948 г. у Асіповічах.

Скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (1975).
Вучыўся ў Алега Чарнышова, Паўла Семчанкі.

Ад 2012 г. дагэтуль — вядучы мастак акцыянернага аб’яднання «Тэхнамузей». Сябар Беларускага саюза мастакоў з 1987 г. У мастацкіх выставах бярэ ўдзел з 1975 г.

Творы экспанаваліся на выставах у Беларусі, Польшчы, Расеі.
Працуе ў галіне стварэння музейных экспазіцый, распрацоўкі сцэнічных пастановак спектакляў, станковага жывапісу (пераважна ў жанры краявіду), манументальных размалёвак, дыярам. Мастак-пастаноўшчык музычных спектакляў «Песня пра долю» (1975) дзяржаўнага ансамбля «Песняры», «Я прыйшоў даць вам волю» (1979) ансамбля «Арыель».
Аўтар экспазіцыі мемарыяльнага музея ў вёсцы Шунеўка Докшыцкага раёна (1981), беларускага раздзела на XII Сусветным фестывалі моладзі і студэнтаў (Масква, 1985), Музея прыроды «Белавежская пушча» ў г. Каменец (2011), раздзела этнаграфіі Музея прыроды Прыпяцкага заказніка ў п. Ляскавічы Петрыкаўскага раёна (2012), дыярам ў краязнаўчым музеі г. Клімавічы (2013), Музея пошты ў г. Старыя Дарогі (2013), экспазіцыі Музея-сядзібы Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі Смаргонскага раёна (2015), экспазіцыі «Старажытная Беларусь» у Гістарычным музеі г. Менска (2015) ды інш.
Творы захоўваюцца ў прыватных калекцыях Беларусі, Польшчы, Нямеччыны, ЗША, Расеі.

Педагагічнай дзейнасцю займаўся з 2006 да 2011 г. Выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і Менскага інстытута кіравання.

Узнагароджаны Дыпломам за мастацкае рашэнне XII Сусветнага фестываля моладзі і студэнтаў (1986).

Жыве ў Менску.