Баранаў Васіль

Нарадзіўся 10 студзеня 1959 г. у в. Ельня Унецкага раёна Бранскай вобл. Скончыў Менскую мастацкую навучальню імя А. Глебава (1979), Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (1987) і Творчыя майстэрні Акадэміі мастацтваў СССР у Менску (1989). Вучыўся ў Васіля Шаранговіча, Уладзіміра Савіча. Сябар Беларускага саюза мастакоў з 1988 г. У мастацкіх выставах бярэ ўдзел з 1984 г. Творы экспанаваліся на выставах у Беларусі, Грузіі, Расеі, Аўстрыі, Францыі. Персанальныя выставы адбываліся з 1986 г. у Беларусі (Менск), Расеі (Масква, Ленінград, Калінінград), Грузіі (Тбілісі), Нямеччыне (Берлін), Аўстрыі (Альтэнбург), Францыі (Ліль).

Працуе ў галіне станковай графікі і праваслаўнага іканапісу. Найбольш значныя творы: графіка “Cпевы роднага краю” (1986), трыптых “Развітанне” (1991), цыкл малюнкаў “Змярканне” (1992–1998), цыкл “Малітваслоў” (2005–2006), “Вандроўка ў сакавік” (2003), нізка “Песні жальбы” (2002), “Святы Георгі” (2007), “Спас” (2008).

Творы захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Музея сучаснага выяўленчага мастацтва ў Менску, у прыватных калекцыях Беларусі ды іншых краін свету.

Педагагічнай дзейнасцю займаецца з 1995 г., выкладае іканапіс у манастыры Альтэнбург (Аўстрыя).

Узнагароджаны бронзавым медалём Акадэміі мастацтваў СССР (1987) за нізку працаў “Спевы роднага краю” і дыпломам Міністэрства культуры БССР (1989) за трыптых “Развітанне”.

Жыве ў Менску.