Агуновіч Эдуард

Нарадзіўся 16 снежня 1938 г. у Рэчыцы Гомельскай вобл. Скончыў Віцебскую мастацка-графічную навучальню (1959), Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут з дыпломам выдатніка (1966). Вучыўся ў Валянціна Дзежыца, Аляксандра Мазалёва, Арлена Кашкурэвіча, Уладзіміра Сухаверхава. Сябар Беларускага саюза мастакоў з 1971 г. У мастацкіх выставах бярэ ўдзел з 1966 г. Творы экспанаваліся на шматлікіх выставах у Беларусі, Канадзе, ЗША, Чэхаславакіі, Аўстраліі, Нямеччыне.

Працуе ў галіне кніжнай i станковай графікі, жывапісу, займаецца распрацоўкай экспазіцый мемарыяльных i мастацкіх музеяў i выставаў. Найбольш значныя творы: ілюстрацыі да кніг «Тарас на Парнасе» (1967), «Сымон-музыка» Якуба Коласа (1968), «Глыбокая плынь» (1967) i «Трывожнае шчасце» (1973) Івана Шамякіна, «Прыгоды дзеда Міхеда» Анатоля Астрэйкі (1969), серыі станковых працаў «Дзяцінства» (1977), «Маці» (1979), «Спрадвечнае» (1980), «Крык кнігаўкі» (1981). Аўтар экспазіцый філіяла Дзяржаўнага музея ў Заслаўі (1971), літаратурных музеяў Янкі Купалы (1974), Якуба Коласа (1982), Максіма Багдановіча (1991).

Галоўны мастак экспазіцый Беларусі ў Ляйпцыгу (залаты медаль) (1976), Нью-Дэлі (1980), Левантыйскага кірмаша ў Італіі. Аўтар знака-лагатыпа Першага з’езда беларусаў свету «Еўфрасіння Полацкая збірае пад свой крыж беларусаў свету» (1993).

Творы захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Беларускага саюза мастакоў, Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы,  Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, у іншых музеях i прыватных калекцыях Беларусі, Нямеччыны, Чэхіі, Венесуэлы, Аўстраліі, ЗША.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (1993), Заслужаны работнік культуры Беларусі (1977). Ганаровы сябар Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі «IEAS».

Жыве ў Менску.