Грамадска-палітычная дзейнасць суполкі

Нашая зброя — любоў да Бацькаўшчыны

У часы найноўшай гісторыі Беларусі, калі кожны грамадзянін мусіў вызначыцца, на якім ён баку — ці быць падгалоскам наскрозь прагнілай савецкай сістэмы, ці шукаць свой уласны шлях да свабоды i самарэалізацыі — будучыя сябры суполкі «Пагоня» з энтузіязмам успрынялі грамадска-палітычныя змены канца 80-х — пачатку 90-х гадоў. Некаторыя з іх увайшлі тады ў арганізацыйны камітэт Беларускага Народнага Фронту «Адраджэнне». Актыўны ўдзел бралі нашыя мастакі ў працы грамадскіх арганізацый, такіх як «Мартыралог Беларусі», «Беларускі Фонд культуры», «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны».

Да таго часу ўжо была зробленая важная праца па мемарыялізацыі мясцін, звязаных з жыццём i творчасцю геніяў беларускай літаратуры Янкі Купалы i Якуба Коласа, Максіма Багдановіча i Францішка Багушэвіча. Важкі ўклад у гэтую патрыятычна-культурніцкую справу зрабілі мастакі Эдуард Агуновіч, Уладзімір Капшай, Хведар Ладуцька.

Яўген Кулік у сваёй майстэрні «На Паддашку» кансалідаваў творчыя сілы мастакоў i быў адным з тых, хто ідэйна натхняў творцаў. Дзякуючы яму i ягоным паплечнікам былі рэалізаваныя выставы, прысвечаныя дзеячам гісторыі i культуры Беларусі. Нанова паўсталі амаль забытыя імёны: Цётка (Алаіза Пашкевіч), Мікола Гусоўскі, Язэп Драздовіч, Пётра Сергіевіч. Маладыя мастакі Віктар Мікіта, Алесь Цыркуноў, Сяржук Цімохаў i шмат іншых звярнуліся тады да тэмаў, непасрэдна звязаных з гісторыяй Беларусі, да яе багатай спадчыны.

З прыходам да ўлады А. Лукашэнкі ў Беларусі рэзка змяніўся палітычны i культурны клімат. У дзяржаўных установах, на прадпрыемствах былі ўведзеныя пасады гэтак званых ідэалагічных работнікаў, у задачу якіх уваходзіў кантроль за людзьмі, думкі якіх не супадалі з пазіцыяй чынавенства, якое ўжо тады праводзіла палітыку дэбеларусізацыі i ліквідацыі беларускай дзяржаўнасці. Паўсюль на кіраўнічыя пасады прызначаліся людзі, роля якіх зводзілася да «пакорлівага паслушэнства». У такіх неспрыяльных умовах пачынаючы з 1994 года сябрам творчай суполкі «Пагоня» даводзілася жыць i тварыць.

Сярод мастакоў найбольш яскравай фігурай у грамадска-палітычнай i культурніцкай дзейнасці ў той час праявіў сябе бескампрамісны Алесь Пушкін. Яшчэ студэнтам Беларускай акадэміі мастацтваў ён быў актыўным удзельнікам святкавання «Дзядоў» 1988 года. Тады ён ды іншыя мастакі — Мікола Купава, Аляксей Марачкін, Ігар Марачкін былі арыштаваныя, а некаторыя i збітыя міліцыянтамі.

У 1989 годзе Алесь Пушкін арганізаваў першы перформанс у гонар 71-й гадавіны БНР i ўпершыню сеў на лаву падсудных… Ужо пазней, у 1999 годзе, стаўся шырока вядомым ягоны арыгінальны перформанс. Тачка гною, прывезеная на прыступкі Адміністрацыі, была адказам мастака на вынік пяцігадовага кіравання Лукашэнкі. Мастак апынуўся за кратамі. Традыцыяй гвалту i здзеку — інакш не назавеш тое, што мастака напярэдадні чарговых выбараў, як правіла, прэвентыўна знявольваюць. У выніку яго дзесяць разоў каралі «за адміністрацыйныя правапарушэнні» i двойчы распачыналі супроць мастака крымінальную справу. Агулам ад 1988 да 2012 года Алесь Пушкін правёў за кратамі 70 дзён.

Асобна варта сказаць пра актыўнага сябра «Пагоні» Рыгора Кійко, які востра рэагаваў на самавольства ўладаў, быў удзельнікам лагера абароны Курапатаў ад спробаў знесці мемарыял. За арганізацыю мітынгаў i ўдзел у іх Рыгор атрымаў паўтара года гэтак званай «хіміі», што адмоўна адбілася на ягоным здароўі. Хвароба падкасіла мастака i ён не змог напоўніцу рэалізаваць сябе як творца.

У розныя гады былі асуджаныя, прайшлі праз «Акрэсціна» Яўген Кулік, Мікола Купава, Аляксей Марачкін. Апошні спазнаў на сабе гвалт i пабоі «На Чарнобыльскім Шляху» 1996 года, калі нёс намаляваны ім абраз «Маці Божая Ахвяраў Чарнобыля». Пазней, у 2008 годзе, калі мастак рыхтаваў аздабленне святочнай калоны ў гонар 90-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі, амапаўцы ўварваліся ў майстэрню, забралі плакаты, харугвы, а самога Марачкіна пасадзілі за краты на 5 дзён.

Пільную ўвагу сілавых структураў адчувалі на сабе многія мастакі суполкі не толькі ў Менску, але i ў іншых мясцінах краіны. Так, у 2012 годзе, калі Алесь Пушкін, Генадзь Драздоў, Алесь Цыркуноў i мастак з Смаргоні Валянцін Варанішча ладзілі адметную выставу ў Смаргоні, прысвечаную расстралянаму ў 1950 годзе патрыёту Расціславу Лапіцкаму, мясцовая міліцыя па наводцы КГБ з Менска арыштавала творцаў. Алеся Пушкіна пасадзілі за краты на 20 дзён, а Генадзь Драздоў, Алесь Цыркуноў i Валянцін Варанішча адбылі ў смаргонскім пастарунку 24 гадзіны, а потым былі пакараныя штрафам.

Рыгор Данчанка, аўтар праектаў рэканструкцыі святынь старажытнага Полацка, на вулічным шэсці дэмакратычных сілаў у пачатку 2000 года спазнаў на сабе жорсткае збіццё амапаўцамі. Праз гэта мастак неўзабаве страціў зрок. У свой час быў знявечаны Яўген Кулік: нялюдскія ўмовы пад арыштам рэзка аслабілі яго арганізм…

На творчым шляху суполкі «Пагоня» ўладныя структуры, як правіла, не толькі не спрыялі мастакам, але, наадварот, чынілі ўсялякія перашкоды i гвалт, што прыводзіла часам да драматычных наступстваў. Ніхто з мастакоў іншых секцый, аб’яднанняў не зазнаў гэтулькі пераследу — жорсткага збіцця, арыштаў, зняволення, штрафаў, як сябры суполкі «Пагоня».

Актыўны супраціў беззаконню, гвалту i брутальнаму вынішчэнню нашых нацыянальных каштоўнасцяў i сімвалаў мацуе дух сяброў суполкі «Пагоня», i сёння гэта, як i раней, выяўляецца ў прафесійнай творчасці. Нашая зброя — гэта пэндзаль, аловак i любоў да Бацькаўшчыны, да яе багатай гістарычнай ды культурнай спадчыны.

Генадзь Драздоў, Мікола Купава, Аляксей Марачкін

Творчая суполка «Пагоня»