Пра Суполку

Суполка «Пагоня» ўтварылася ў 1990 годзе. Чатыры гады ад Чарнобыльскай катастрофы, год да знікнення СССР. Хто меў вочы, бачыў: звышдзяржава рухалася да распаду. Ідэя дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі, што называецца, лунала ў паветры, але казаць пра гэта ўголас не адважваліся. Яно i зразумела, нездарма на Усходзе ёсць праклён «Каб табе жыць у часе перамен!». Людзі баяліся разбурэння хай не надта камфортнага, але ўсталяванага i звыклага ладу жыцця, цяжкіх наступстваў разбурэння адзінай экамічнай сістэмы — у прыватнасці, страты рэсурснай базы i гарантаваных рынкаў збыту, наступу беспрацоўя, экстрэмізацыі палітычнага жыцця ды іншых сацыяльных катаклізмаў.

Але былі i тыя, хто казаў, што ад непазбежнасці не схаваешся, i трэба не спадзявацца на нейкага маскоўскага дзядзьку, які «разруліць» крызіс i ў чарговы раз выведзе «на светлы шлях», які, паводле гістарычнай завядзёнкі, мусіць пад Чарнобыльскім дажджом завесці нас наўпрост у Курапаты; не чакаць, што, як пісаў расейскі класік, «вот приедет барин, барин нас рассудит…» — у Масквы ўласных праблем даволі, каб ёй яшчэ i пра Беларусь дбаць. Трэба пачынаць жыць сваім розумам i будаваць сваю, незалежную дзяржаву. Гэтых думак трымаліся ў асноўным патрыятычна настроеныя, нацыянальна арыентаваныя інтэлектуалы, якія з розных прычын не былі заангажаваныя ў савецкую ідэалагічную сістэму або належалі да яе чыста фармальна. Для іх разрыў з згаданай сістэмай ды нават самое знікненне савецкай ідэалогіі разам з савецкай дзяржавай не ўяўляла ні асабістай драмы, ні творчай трагедыі.

Старшыні суполкі
Марачкін Аляксей
Марачкін Аляксей1990–1998 гг., 2007–2011 гг.

Купава Мікола1998–2004 гг.
Талбузін Леў
Талбузін Леў2004–2007 гг.
Драздоў Генадзь
Драздоў Генадзь2011–2016 гг.
Марачкін Ігар
Марачкін Ігар2016–цяперашнi час

Якраз такія людзі i заснавалі мастацкую суполку «Пагоня». Мушу звярнуць увагу на важную, як мне падаецца, акалічнасць. Кажуць, што мары — гэта не зыход ад рэчаіснасці, а форма набліжэння да яе. Я гэта да таго, што ў Беларусі заўжды былі людзі, якія марылі пра адраджэнне нашай нацыянальнай дзяржаўнасці, якую мы страцілі пасля знікнення з палітычнай карты Еўропы федэратыўнай Рэчы Паспалітай (Рэспублікі) Двух Народаў. Гэтая ідэя — калі прыхавана, а калі i падкрэслена выразна — нібыта чырвонай ніткай па белым тле, праходзіць у мастацкай i сацыяльнай творчасці шмат якіх знакамітых постацяў Беларускага краю, які (што ні казалі б на гэты конт нашы апаненты) насамрэч ёсць адзіным сапраўдным гістарычным спадкаемцам Вялікай Літвы.

А думка, якая прагучала для грамады, — гэта зерне, кінутае ў глебу. З гісторыі культуры вядома, што ідэя, перш чым здзейсніцца ў рэчаіснасці, мусіць быць дэклараванай у мастацтве. І калі мастацкая формула дакладная, зразумелая, прыгожая — дык гэта ўжо ідэйнае абгрунтаванне (калі хочаце — правакацыя) маючых быць учынкаў. Палітычнаму суверэнітэту краіны папярэднічае фармаванне духоўнага суверэнітэту грамадства. У пачатку 1990-х, на мяжы дзвюх эпох, суполцы «Пагоня» наканавана было сказаць важкае слова пра Незалежнасць на мове, зразумелай тагачаснай беларускай грамадзе.

Мастакі суполкі трымаюцца розных поглядаў на эстэтыку, працуюць у рознай стылістыцы, але іх яднае стаўленне да незалежнасці краіны, як да найвялікшай каштоўнасці. І сваю вернасць ідэалам нацыянальнай дзяржавы людзі «Пагоні» не аднойчы дэманстравалі ў моманты, калі ўзнікала рэальная пагроза суверэнітэту Беларусі.
За дваццаць пяць гадоў сябрамі «Пагоні» створана мноства карцін, скульптур, графічных аркушаў. Ладзіліся пленэры, адбываліся выставы, імпрэзы, што мелі шырокі грамадскі розгалас. Гэта здабытак, якім варта ганарыцца. Але галоўнае — «Пагоня» стала адным з культурных каталізатараў палітычнага працэсу, у выніку якога адрадзілася i рэальна паўстала суверэнная Беларуская дзяржава.

Творчасць — справа глыбока асабістая. Мастакі шыхтамі не ходзяць. З гэтай прычыны нефармальныя творчыя аб’яднанні звычайна доўга не жывуць. Рана ці позна ў такім аб’яднанні выяўляецца канфлікт паміж прыватным, нават інтымным, характарам творчай працы i балючай для творцы неабходнасцю ўплішчваць сваю ўнікальнасць у «пракрустава ложа» канцэптуальнага адзінства. З гэтай логікі вынікае, што «Пагоні» ўжо даўно мусіла не быць… Але «Пагоні» дваццаць пяць гадоў, i знікаць яна не збіраецца. Бо сяброў суполкі трымае разам ідэя, вартая таго, каб дзеля яе здзяйснення ахвяравацца часткай асабістага суверэнітэту.

Гэтая ідэя — Незалежная Беларусь.