Лісты з нябёсаў

22 лютага–28 лютага

22 лютага 2017 года а 17 гадзіне ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі (Палац мастацтва, вул. Казлова, 3) адбылося адкрыццё выставы памяці мастакоў творчай суполкі “Пагоня” і іх сяброў-аднадумцаў з іншых секцый Беларускага саюза мастакоў пад назвай “Лісты з нябёсаў”.

У 2015 годзе творчая суполка “Пагоня” адзначыла 25-гадовы юбілей з часу ўтварэння. Гэта нямалы тэрмін для існавання супольнасці людзей, кожны з якіх унікальная асоба, талент і характар. Прычынай такой доўгатэрміновай еднасці з’яўляецца агульная платформа для творчай дзейнасці. У першую чаргу гэта жаданне ўвасобіць праз мастацтва Краіну Беларусь, гэта рэканструкцыя забытых і паўзабытых старонак яе гісторыі і дасягненняў культуры з тым, каб увесь свет ведаў пра багатую спадчыну беларускага народа ў прасторы часу.

Сярод сяброў суполкі “Пагоня” жывапісцы і графікі, дызайнеры і скульптары, аўтары мастацкага фота, мастакі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і мастацтвазнаўцы. На жаль не ўсе дачакалі слаўнага юбілею. Значная частка нашых дарагіх сяброў адыйшла ў іншы свет. У бальшыні выпадкаў – гэта лідары, выдатныя прадстаўнікі мастацтва Беларусі, дзейнасць якіх з’яўляецца гонарам айчыннай культуры другой паловы ХХ – пачатку ХХІ ст ст. Многія з гэтых творцаў былі заснавальнікамі суполкі “Пагоня” і выдатнымі яе прадстаўнікамі. Гэта Яўген Кулік, Уладзімір Сулкоўскі , Віктар Маркавец, Алег Маціевіч, Пётр Драчоў, Міхась Раманюк, Віктар Шматаў, Віктар Сташчанюк, Пётр Шарыпа і іншыя.

Беларускі саюз мастакоў падтрымаў ідэю сяброў суполкі “Пагоня” правесці выстаўку памяці выдатных дзеячаў мастацтва Беларусі, цалкам сфармаваную з лепшых твораў гэтых мастакоў пад агульным дэвізам “Лісты з нябёсаў”. На выставе былі паказаныя творы славутых майстроў, аднадумцаў суполкі “Пагоня” Уладзіміра Стальмашонка, Арлена Кашкурэвіча, Гаўрылы Вашчанкі, Аляксандра Кішчанкі, Анатоля Бараноўскага, Леаніда Марчанкі, Аляксея Пятрухны, Міхася Рагалевіча і іншых, якія неаднаразова бралі ўдзел у выставах і мастацкіх акцыях нашага аб’яднання.

Творчая спадчына нашых паплечнікаў – тых, хто прысвяцілі сябе служэнню Бацькаўшчыне – вартая нашай ўвагі і пашаны, памяці на старонках гісторыі мастацтва Беларусі. Выстава “Лісты з нябёсаў” – светлы напамін пра гэта.

Мастацтвазнаўца, сябра суполкі “Пагоня” Таццяна Маркавец-Гаранская.

Выстава працавала да 28 лютага 2017 года.

Куратар выставы: Гаранская Таццяна.
Каардынатар выставы: старшыня суполкі “Пагоня” Ігар Марачкін.

Адкрыццё выставы


Афармленне подпiсу


Афармленне подпiсу


Афармленне подпiсу

Каталог Выставы


PDF спасылка на каталог выставы “Лісты з нябёсаў”
Pagonia 2017 Listy z niabiosau