Мікола Купава

31 студзеня 2021 года адзначае свой 75-гадовы юбілей Мікола Купава – мастак энцыклапедычнай дасведчанасці, адданы змагар беларускага адраджэння.

Ён нарадзіўся ў першы пасляваенны год у старажытным беларускім горадзе Орша – горадзе, які не раз станавіўся аплотам стойкасці ў змагання з захопнікамі, горадзе, які праславіў імёны вялікіх ваяроў – Канстанціна Астрожскага і Юрыя Радзівіла. Старэйшым земляком Міколы Купавы быў выдатны беларускі пісьменнік Уладзімір Караткевіч. Муры старажытных аршанскіх кляштараў, гістарычныя раманы Уладзіміра Караткевіча, знаёмства і сяброўства з выдатнымі беларускімі гісторыкамі і краязнаўцамі Міколам Ермаловічам, Міхасём Ткачовым, Алегам Трусавым спрыялі станаўленню Міколы Купавы як мастака, уся творчасць якога прасякнута ідэяй праслаўлення беларускай мінуўшчыны.

Творчая дзейнасць Міколы Купавы пачалася ў 1976 годдзе, пасля заканчэння Мінскай мастацкай вучэльні і Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. Канец 1970-х – пачатак 1980-х гадоў сталі этапнымі гадамі новай хвалі беларускага адраджэння, пад’ёму грамадскай цікавасці да нацыянальнай гісторыі і культуры. Дзейсны ўдзел у гэтым працэсе адыгралі беларускія мастакі- графікі, такія як Уладзімір і Міхаіл Басалыгі, Пётра Драчоў, Яўген Кулік, Віктар Сташчанюк ды іншыя. Пачэснае месца ў пераліку гэтых слаўных імёнаў належыць і Міколу Купаву. Створаныя Міколам Купавам партрэтныя выявы Кастуся Каліноўскага, Цёткі, Вінцука Дуніна-Марцінкевіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, вялікіх князёў літоўскіх Міндоўга, Ягайлы, Вітаўта, гетмана Канстанціна Астрожскага і іншых выбітных асобаў беларускай гісторыі і культуры сталі хрэстаматыйнымі, увайшлі ў арсенал найбольш значных выяўленчых матэрыялаў беларускіх энцыклапедычных выданняў. Мастак выключнай гістарычнай эрудыцыі, Мікола Купава за мастацкае аздабленне энцыклапедычнага даведніка “Францыск Скарына і яго час” (1988) быў узнагароджаны дыпломам і медалём імя Францыска Скарыны.

Мікола Купава вядомы не толькі як мастак кнігі, які стварыў вялікую колькасць ілюстрацый да Беларускай энцыклапедыі, твораў Цёткі, Каруся Каганца, Уладзіміра Караткевіча, але і як майстар станковай графікі. Ён плённа працуе ў розных графічных тэхніках – літаграфіі, лінарыце, акварэлі. Яго графічныя творы далі магчымасць дакрануцца да таямніц беларускай мінуўшчыны не толькі гледачам на выстаўках у шматлікіх гарадах Беларусі, але і за межамі нашай краіны – у Вільні, Нарве і Таліне, Нью-Йорку.

Разам са сваімі сябрамі-аднадумцамі Аляксеем Марачкіным, Віктарам Маркаўцом, Яўгенам Куліком, Уладзімірам Сулкоўскім ды іншымі Мікола Купава стаў у 1990 г. адным з заснавальнікаў мастацкай суполкі “Пагоня” творчага аб’яднання Беларускага саюза мастакоў, якое утварылася на ідэйнай аснове самаадданага служэння незалежнай Беларусі. На працягу многіх гадоў ён быў старшынёй гэтага аб’яднання, прымаў удзел у распрацоўцы навуковай канцэпцыі гістарычнай сімволікі Рэспублікі Беларусь, у першай – у 1991 г. – і ва ўсіх наступных выстаўках і мастацкіх пленерах, якія ладзіла суполка “Пагоня”. Мікола Купава заслужыў вялікую павагу сваіх калег-мастакоў як ініцыятар і арганізатар шматлікіх выставак і імпрэз, прысвечаных выдатным асобам і падзеям гісторыі Беларусі. Выкладаючы на працягу многіх гадоў у Мінскай мастацкай вучэльні і на архітэктурным факультэце БНТУ, Мікола Купава свае веды, сваё самааадданае захапленне беларускай гісторыяй перадаваў сваім вучням

У дзень слаўнага юбілею ўсе сябры творчай суполкі “Пагоня” віншуюць свайго мэтра і жадаюць яму новых творчых здзяйсненняў.