XXIII з’езд ГА “Беларускага саюза мастакоў”

17 лістапада

Справаздача старшыні суполкі “Пагоня” Ігара Марачкіна за перыяд 2017–2019гг.

Творчая суполка “Пагоня” была створана ў 1990 годзе, а гэта значыць, што ў наступным годзе ў нас юбілей – 30 гадоў з часу ўтварэння.

Гэта нямалы тэрмін для існавання супольнасці людзей, кожны з якіх унікальная асоба, талент і характар. Прычынай такой доўгатэрміновай еднасці з’яўляецца агульная платформа для творчай дзейнасці. У першую чаргу гэта жаданне ўвасобіць праз мастацтва Краіну Беларусь.

Сярод сяброў суполкі “Пагоня” жывапісцы і графікі, дызайнеры і скульптары, мастакі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і мастацтвазнаўцы.

Сябрамі “Пагоні” за гэты час сталі больш за 100 мастакоў. Значная частка нашых дарагіх сяброў адыйшла ў іншы свет. Многія з гэтых творцаў былі заснавальнікамі суполкі “Пагоня” і выдатнымі яе прадстаўнікамі. Гэта Яўген Кулік, Уладзімір Сулкоўскі, Віктар Маркавец, Алег Маціевіч, Пётр Драчоў, Міхась Раманюк, Віктар Шматаў, Віктар Сташчанюк, Пётр Шарыпа і іншыя.

Цяпер суполка налічвае 45 чалавек. Чым жылі мастакі нашага аб’яднання апошнія 3 гады?
Асноўная дзейнасць суполкі “Пагоня” накіравана на правядзенне мастацкіх выстаў, пленэраў, перфомансаў, удзел у грамадскіх ініцыятывах.

Першай значнай калектыўнай выставай была выстава памяці мастакоў творчай суполкі “Пагоня” і іх сяброў-аднадумцаў з іншых секцый Беларускага саюза мастакоў пад назвай “Лісты з нябёсаў”. Пасля выставы быў свораны электронны каталог усіх твораў з біяграфіямі мастакоў-удзельнікаў.

Суполка “Пагоня” заўсёды была ініцыятарам правядзення выстаў з нагоды ўтварэння БНР. На юбілейнай выставе да 100-годдзя БНР “Бацькаўшчына” мастакі нашай суполкі бралі самы актыўны ўдзел і паказалі новыя арыгінальныя творы.
Цягам апошніх 3 гадоў “Пагоня” разам з грамадзянскай ініцыятывай “Эксперты ў абарону Курапатаў” правялі значныя дакументальна-мастацкія выставы, а таксама творчы конкурс «Курапаты — народны мэмарыял. Праз Курапаты — да пакаяньня». Хачу адзначыць, што на апошняй выставе “Праўда пра Курапаты” да нас далучыліся мастакі і скульптары з іншых секцый. Гэта балючая тэма нас аб’яднала і выстава атрымалася. Дзякуй вам за падтрымку.

Дарэчы, суполка праяўляе пастаянны клопат пра сваіх старэйшых сяброў, а таксама дапамагае сем’ям у арганізацыі і правядзення выстаў памяці памерлых мастакоў.

Гэта выставы, прысвечаныя 80-годдзю Яўгена Куліка ў Нацыянальным мастацкім музеі, 90-годдзю Міколы Назарчука, 70-годдзю Віктара Маркаўца ў музеі М. Савіцкага, Віктара Сташчанюка (85 год з дня нараджэння) у Палацы мастацтва.
Своеасаблівым мастацкім праектам суполка адзначыла юбілей нашага славутага мастака Язэпа Драздовіча (130 год з дня нараджэння). На радзіме мастака быў праведзены пленэр, на якім мы не толькі замалёўвалі краявіды, помнікі архітэктуры, але і сустракаліся з навучэнцамі мастацкіх студый і школ на Глыбоччыне. Па выніках пленэру былі праведзены мастацкая выстава ў Глыбокім і ў мінскім Палацы мастацтва пад назвай “Зорны шлях Язэпа Драздовіча”. Кожны з удзельнікаў гэтых выстаў быў узнагароджаны памятным медалём (аўтар медаля Леў Талбузін).

За апошнія 3 гады мы здолелі самастойна наладзіць добрыя кантакты з лепшымі аграсядзібамі, таму 3-4 разы на год сябры “Пагоні” творча працуюць на пленэрах.

Хачу спыніцца на выдавецкай дзейнасці суполкі “Пагоня”. Тры гады таму мы выдалі вялікі фаліянт, альбом да 25-годдзя суполкі, ў які ўвайшлі 106 мастакоў. Гэта ўжо другі каталог-альбом “Пагоні”. На шматлікія звароты за фінансавай падтрымкай у Саюз мастакоў нам было адмоўлена ў дапамозе. Выданне цалкам выдадзена на грашовыя сродкі мастакоў суполкі “Пагоня”. Уся падрыхтоўчая работа па выданню альбома была выканана намі бескаштоўна. Як укладальнік альбома, хачу выказаць падзяку Таццяне Гаранскай, Усеваладу Свентахоўскаму, Зміцеру Санько, Генадзю Драздову за самаахвярную працу.

А наш шаноўны Рыгор Сітніца, каторы ўваходзіў у суполку “Пагоня” ад пачатку яе стварэння, не толькі не прыняў удзел у фінансавані альбома, але і зняў свой матэрыял з падрыхтаванага да друку выдання.

Кіраўніцтва даўно абяцае дапоўненнае выданне энцыклапедычнага даведніка БСМ. На сённяшні дзень нават не створана рэдакцыйная калегія. Я лічу, што маючы ў саюзе секцыю мастацвазнаўцаў, выдатных дызайнераў, фотамастакоў, такое выданне ўжо павінна быць да 80-годдзя БСМ. Чаму гэта не зроблена? Мы нават не ведаем, які аб’ём інфармацыі мы павінны падрыхтаваць па кожнаму мастаку. І чаму не быў дастойна адзначыны 80-гадовы юбілей БСМ, хаця б у сценах філармоніі?
На сённяшні дзень суполка “Пагоня” падрыхтавала новае выданне – гэта альбом твораў нашага паплечніка Яўгена Куліка, над якім мы працуем бескаштоўна разам са сваякамі мастака.

Мы можам ганарыцца тым, што суполка мае свой сайт, на якім сабрана інфармацыя пра кожнага нашага сябра, дзе мы дзелімся сваімі навінамі. Створана таксама мабільная версія сайта. Набярыце на сваіх смарфонах адрас Пагоня.Арт кірыліцай або лацінкай і вы ўбачыце нашу старонку ў інтэрнэце.

Сябры мае, мяне здзіўляе, што ў наш час высокіх тэхналогій, на сайце БСМ мы не можам знайсці патрэбнай інфармацыі. Напрыклад, самае простае, калі будзе транспарт для збора работ на рэспубліканскія выставы, якія майстэрні ёсць на размеркаванне, у якіх тэндарах і творчых конкурсах можна паўдзельнічаць ды іншае?

На працягу многіх гадоў сябры суполкі “Пагоня” не атрымліваюць магчымасці на выкананне заказаў, якія паступаюць у саюз мастакоў. Нібыта на нас стаіць чорная метка. Спадзявацца прыходзіцца толькі на свае сілы.
Апошнім часам у нашым саюзе папулярны выраз “уключыць бюракрата” асабліва да тых, хто не ўгодны Рыгору Сітніцы, што і адбываецца з нашым мастаком Генадзем Драздовым, які ўжо быў не раз пакараны з боку саюза. А ў іншых выпадках бюракрата выключаюць і таму можна ісці на трэція тэрміны ў старшыні абласных арганізацый. Я упэўнены, што замены ў кіраўніцтве неабходны, як гэтага патрабуе наш статут.

Такая ж сітуацыя і з размеркаваннем майстэрняў. Мы ўносілі папраўку ў статут, што размеркаванне майстэрняў павінна адбывацца па рэгіянальнаму прынцыпу (па вабласцях), так як мы прымаем ў саюз новых сяброў.
Абапіраючыся на свой вопыт арганізацыі выстаў, хацеў бы пазнаёміць паважаны з’езд з прапановай прызначаць на кожную выставу адказнага куратара, які будзе працаваць па дамове непасрэдна з супрацоўнікамі выставачных залаў. Зацьвяржаць куратараў выстаў можна на Радзе БСМ.

Напрыканцы свайго выступу хацеў бы адзначыць самае важнае, што суполка бярэ актыўны ўдзел ва ўсіх рэспубліканскіх выставах, а таксама праводзіць персанальныя выставы ў Мінску і іншых вялікіх і малых гарадах нашай краіны і за яе межамі.

Дзякую шаноўнаму з’езду за тое, што выслухалі мяне, а таксама сваім сябрам, паплечнікам з суполкі «Пагоня», за плённую працу і давер у часе майго кіравання.

Марачкін Ігар
Старшыня суполкі «Пагоня»