Праўда пра Курапаты. Факты, дакументы, сведчанні. Дакументальна-мастацкая выстава

13 кастрычніка–22 лістапада Зараз

13 лістапада 2019 года а 17 гадзіне ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі (Палац мастацтва, вул. Казлова, 3) адбудзецца адкрыццё выставы “Праўда пра Курапаты” мастакоў творчай суполкі “Пагоня”.

Дакумэнтальна-мастацкая выстава “Праўда пра Курапаты” адлюстроўвае гісторыю і сённяшні дзень старога хваёвага лесу
на паўночна-ўсходнім ускрайку Мінску, дзе ў 1930-я гады савецкія органы бяспекі расстралялі сотні тысяч ні ў чым не вінаватых мірных людзей — нашых з вамі продкаў і суайчыннікаў.
 
Выставу ладзяць грамадзянская ініцыятыва “Эксперты ў абарону Курапатаў” і суполка “Пагоня” Беларускага саюзу мастакоў  з падтрымкі шэрагу структураў грамадзянскай супольнасці.
 
На выставе будуць прадстаўлены жывапіс, графіка, скульптура, плакат, фотадакументы. Свае новыя творы пакажуць вядомыя мастакі – Эдуард Агуновіч, Віктар Мікіта, Аляксей Марачкін, Ніна Сакалова-Кубай, Генадзь Драздоў, а таксама маладзейшае пакаленне сяброў Беларускага саюза мастакоў. Сярод іх – Усевалад Свентахоўскі, Наталля Піневіч і Уладзімір Лавецкі ды іншыя.
 
Падчас выставы запланаваны сустрэчы, экскурсіі і прэзентацыя кнігі “НКВД забіваў у Курапатах…”
 
На ўрачыстым адкрыцці выставы выступяць пісьменнік Уладзімір Арлоў і мастак  Аляксей Марачкін. 
 
Выстава будзе працаваць да 22 лістапада.
 
Куратары выставы: Марат Гаравы, Ігар Марачкін