Жывапіс і графіка Аляксандра Пашкевіча

04 ліпеня–14 чэрвеня

4 ліпеня 2019 года а 17 гадзіне ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі (Палац мастацтва, вул. Казлова, 3) адбудзецца адкрыццё выставы жывапісу і графікі беларускага мастака Аляксандра Пашкевіча, прымеркаванай да юбілею мастака і арганізаванай ГА «Беларускі саюз мастакоў», Рэспубліканскай мастацкай галерэяй.

“А.Пашкевіч па сваёй натуры і характару, манеры пісьма – гэта нейкі сплаў лірычнага рамантызму з глыбокім містыцызмам. Прасветленасць фарбаў і мажорнасць палітры часам мяжуе з яркай бліскавіцай хмарнага і трывожнага неба. Сімфонія святла і ценю, дабра і зла.”
Аляксей Марачкін, мастак

У экспазіцыю увайшлі больш за 50 твораў, якія працягваюць як традыцыі рэалістычнага мастацтва ў жанры пейзажа і нацюрморта, так і маюць накірунак сучаснага выяўленчага мастацтва. У новых творчых працах, створаных на працягу апошніх 5 гадоў, мастак працягвае шукаць сваю мову, ідзе праз скаданую форму – метафарычнасць і асацыятыўнасць. На персанальнай выставе твораў А. Пашкевіча глядач адразу патрапляе ў танальнасць мелодыі душы аўтара і нібы рушыць за яго думкамі да духоўнага выратавання.

Жывапіс А. Пашкевіча – гэта таксама рэалістычныя жыццёвыя вобразы, якія складаюцца ў канцэптуальныя фармальныя кампазіцыі. Краявіды роднага краю прасякнуты любоўю да Радзімы. На палотнах з выявамі храмаў і замкаў створаны іх вобразы-сімвалы.

“Асаблівае месца ў творчасці Пашкевіча належыць нацюрморту, дзе набор семантычных знакаў, выяўленых у каляровай гаме і музыцы ліній, стварае мастацка-вобразныя эквіваленты духоўнаму свету мастака. У сваіх абстрактных працах аўтар адлюстроўвае “феерверкі эмоцый”, якія пад яго пэндзлем набываюць самастойную эстэтычную каштоўнасць.” (Т. Гаранская – мастацтвазнаўца.)

Таксама у межах выставы мастак дэманструе нам і новыя графічныя творы – акварэль пачатку 1990-ых гг., творы ў змешанай тэхніцы. Ён перакладае на графічную мову беларускую паэзію, лірыку кахання, вобразы хрысціянскіх багоў. Пачэснае месца ў творчасці мастака займае лірычны пейзаж, які ўвасабляе прыгажосць і крохкасць беларускай прыроды. У сваю чаргу ў выявах кветак адлюстроўваецца некаторая статычнасць, але гэта не абмяжоўвае мастацкую вобразнаць і надае твору больш глыбокі сэнс.

Аляксандр Пашкевіч нарадзіўся 6 кастрычніка 1946 года ў Мар’іна Горка Мінскай вобласці.
З 1963 па 1965 гг. вучыўся ў выяўленчай студыі пры тэатральна-мастацкім інстытуце ў Мінску. З 1966 па 1969 гг. вучыўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы імя Глебава.

У мастацкіх выставах удзельнічае з 1970 года.
З 1979 па 1981 гг. – стыпендыят саюза мастакоў (г.Масква. Расійская Федэрацыя.).
Сябра саюза мастакоў Рэспублікі Беларусь.
Сябра суполкі “Пагоня”.

Жыве ў г. Маладзечна. Доўгі час працаваў выкладчыкам у дзіцячай мастацкай школе. Творы мастака знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, у мастацкіх фондах Беларускага саюза мастакоў, дырэкцыі мастацкіх выставак Міністэрства культуры Расіі, у мастацкай галерэі г. Мар’іна Горка, у Краязнаўчым музеі г. Маладзечна, у прыватных зборах краін Еўропы.

Выстава працягнецца па 14 ліпеня 2019 г.
Адрас: г. Мінск, вул. Казлова, 3, Палац мастацтва.
Час працы: аўторак-пятніца з 11:00 да 19:00; субота-нядзеля з 11:00 да 19:00.
Панядзелак-выхадны дзень.

Тэлефоны для даведак: +375 (17) 288 15 49; +375 (29) 844 99 68; +375 (29) 264 68 48

Таксама з інфармацыяй пра мінулыя і будучыя выставы можна азнаёміцца на сайтах: Беларускага саюза мастакоў, Палаца мастацтва и на нашай старонцы ў Facebook.