Зорны шлях Язэпа Драздовіча
29 сакавіка–09 красавіка28 сакавіка 2019 года а 17 гадзіне ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі (Палац мастацтва, вул. Казлова, 3) адбудзецца адкрыццё выставы “Зорны шлях Язэпа Драздовіча” мастакоў творчай суполкі “Пагоня” і іх сяброў, прысвечанай 130-годдзю з дня нараджэння Язэпа Драздовіча.
Язэп Драздовіч (1888 – 1954) – мастак вялікіх пачуццяў і вялікага самабытнага таленту, які ўвайшоў у гісторыю беларускай культуры не толькі як творца арыгінальных жывапісных палотнаў, графічных лістоў і замалёвак, але і як скульптар, этнограф, археолаг, пісьменнік, аўтар шматлікіх маляваных дываноў. Яго багатая спадчына пэўны час была раскіданая па нашым краі і далёка за яго межамі. Прайшоў час, і сёння мы можам бачыць ягоныя творы ў пастаяннай экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, рэгіянальных музеях і прыватных зборах. Самая вялікая калекцыя маляваных дываноў знаходзіцца ў фондах Заслаўскага гісторыка-культурнага запаведніка. Іменем Язэпа Драздовіча названы вуліцы. У Мінску, у Траецкім прадмесці ўсталяваны помнік мастаку.
Творчая суполка “Пагоня” Беларускага саюза мастакоў разам з культурна-асветніцкім цэнтрам імя Язэпа Драздовіча (кіраўнік Ада Райчонак) ужо каторы год арганізуе мастацкія пленэры на яго радзіме.
На гэты раз творчая суполка “Пагоня” правяла пленэр на Глыбоччыне ў верасні 2018 года і мастацкую выставу ў Глыбокім, прысвечаную юбілею Язэпа Драздовіча, якая адкрылася 23 лістапада 2018 года. Гэтая выстава выклікала цікавасць да асобы творца і карысталася поспехам у гледача. Наладжваліся экскурсіі сярод школьнікаў і студэнтаў, што спрыяла далучэнню іх да багатай духоўнай спадчыны. У гэтым годзе мяркуецца паказаць творы ў гарадскіх галерэях Браслава і Полацка.
Выстава “Зорны шлях Язэпа Драздовіча” аб’яднала некалькі пакаленняў мастакоў суполкі “Пагоні”, якая існуе ўжо больш за 25 гадоў. На выставе экспануюцца творы жывапісу, графікі, дэкаратыўна-ужытковага мастацтва такіх прызнаных майстроў, як Эдуарда Агуновіча, Міколы Купавы, Уладзіміра Крукоўскага, Аляксея Марачкіна, Валянціны Бартлавай, Ягора Батальёнка, Алеся Цыркунова, Льва Талбузіна ды іншых, а таксама творы мастакоў маладзейшага пакалення Усевалада Свентахоўскага, Генадзя Драздова, Ігара Марачкіна, Алеся Лася, Галіны Горавай, Наталлі Белавокай і інш.
На радзіме Язэпа Драздовіча жывуць і працуюць мастакі Віктар Крук, Валерый Шчасны, Аляксандр Шыёнак. Іх жывапісныя палотны шчырыя і пранікнёныя, нібы асвечаныя духам вялікага мастака, таксама прадстаўлены на выставе.
Сапраўдным падарункам для ўсіх наведвальнікаў стане магчымасць убачыць арыгінальныя творы Язэпа Драздовіча з калекцыі Аляксея і Ігара Марачкіных.
Падчас выставы запланавана дэманстрацыя дакументальных фільмаў пра жыццё і творчасць Язэпа Драздовіча.
На ўрачыстым адкрыцці выставы будуць гучаць дуда, ліра, цымбалы і скрыпка ў выкананні мастака, этнографа і музыкі Алеся Лася і Алесі Сівохінай.
Ігар Марачкін, куратар выставы
старшыня творчай суполкі “Пагоня”
- Праўда пра Курапаты. Факты, дакументы, сведчанні. Дакументальна-мастацкая выстава
- «Прасвет» – выстава жывапісу Ігара Марачкіна
- Выстава па выніках пленэраў памяці Віктара Сташчанюка
- Жывапіс і графіка Аляксандра Пашкевіча
- “ЭТНАГРАФІЯ”. Алена Лось
- Зорны шлях Язэпа Драздовіча
- Мікалай Назарчук. Родны Край
- Мастацкая выстава да 130-годдзя з дня нараджэння Язэпа Драздовіча
- Выстава графікі Яўгена Куліка (1937-2002) прысвечаная 80-годдзю з дня нараджэння мастака
- Памёр Яўген Бусел (1936-2018)