Мікалай Назарчук. Родны Край

27 сакавіка–14 красавіка

Выстаўка прадстаўляе сабой рэтраспектыву работ Мікалая Аляксандравіча Назарчука. Дэманструюцца творы розных перыядаў творчасці з сярэдзіны 1960-х гг. да пачатку XXI стагоддзя з калекцыі сям’і мастака, Беларускага саюза мастакоў, Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.

Мікалай Назарчук з’яўляецца адным з выдатных прадстаўнікоў беларускай мастацкай школы другой паловы ХХ ст. Працаваў у розных жанрах і тэматычных накірунках алейнага, тэмпернага, акварэльнага жывапісу. На яго мастацкім рахунку сотні мастацкіх твораў і тысячы эксізаў, накідаў, замалёвак.

З 1970-х гг. мастак паслядоўна распрацоўвае тэматыку гістарычнага жанру жывапісу. Без штучнага пафасу звяртаецца да савецкага перыяду гісторыі ХХ стагоддзя, да панарамных адлюстраванняў ваенных баталій. Вялікую рамантычную ваг у ён надае жывапіснаму цыклу, прысвечанаму вобразам легендарных дзеячоў гісторыі і культуры Беларусі, барацьбітам за яе свабоду і адраджэнне. У экспазіцыі прадстаўлены яго “Кветкі для Алаізы Пашкевіч” (1976), “В.Бялыніцкі-Біруля і Я.Колас у Прылуках у 1945 г.” (1982).

З 1990-х гг. жывапісец, абапіраючыся на свой творчы і жыццёвы вопыт, звяртаецца да вобразнага сімвалічнага цыклу прац, прысвечанага апошняму дзесяцігоддзю ХХ стагоддзя і дню сёняшняму нашай Радзімы. Каб усвядоміць масштабнасць працэсаў, якія праходзяць у нашым грамадскім жыцці, мастак абапіраецца на біблейскія сапастаўленні. Дэманструюцца работы “Беларусь, твой народ дачакецца” (1996), “Адраджэнне” (1997), “Нараджэнне стракозкі” (1998), “Алегорыя часу” (2001).

Буйным планам адлюстроўвае мастак сваіх партрэтных герояў. Яны вельмі розныя па характару, жыццёваму лёсу, сацыяльнай ролі. Але іх яднае беларуская шчырасць, сціпласць і вернасць сваім маральным прынцыпам. Рысы іх задуменных твараў надоўга запамінаюцца сваёй чалавечнасцю і праўдзівасцю пачуццяў. Сярод іх: “Маці загінуўшага” (1961), “Партрэт героя Савецкага Саюза У.Царука” (1984), “Партрэт мастака Л.Баразны” (2002).

Шматгадовая праца на пленэры выяўляе неабмежаваныя магчымасці М. Назарчука як каларыста і майстра эцюда-карціны ў жанры нацюрморта, пейзажа, партрэта. Яго жывапіс багаты на мажорныя кантрасты, навеяныя палескай прыродай, яго палітра гучная і разнастайная ад густых і насычаных малахітава-бурштыновых акордаў да празрыстых і сонечных паўтаноў і адценняў.

Вялікая персанальная выстава М.Назарчука ўпершыню шматгранна і пераканаўча выяўляе значныя творчыя здабыткі аднаго са сталых майстроў сучаснага беларускага мастацтва і па-сутнасці з’яўляецца адкрыццём імя выдатнага жывапісца, які доўгі час заставаўся не зусім заўважаным. Яна характарызуе прафесійную і грамадзянскую пазіцыю мастака, які выступаў як гарачы прыхільнік вядучай ролі беларускага выяўленчага мастацтва ў яго жывытворным уплыве на культурнае жыццё.

Я. Шунейка, мастацкі крытык

МІКАЛАЙ АЛЯКСАНДРАВІЧ НАЗАРЧУК нарадзіўуся 5 жніўня 1927 г. у в. Санюкі на Гомельшчыне.

Беларускі жывапісец, педагог, ветэран Вялікай Айчыннай вайны. У 1952 г. скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, у 1961 г. – Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Працаваў выкладчыкам у Віцебскім мастацкім вучылішчы (1952-1955), Мінскім архітэктурна-будаўнічым тэхнікуме (1964-1966), Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчаму мастацтву імя І.В.Ахрэмчыка (1966-1974), Беларускім дзяржаўным політэхнічным інстытуце (1976-1978).

Сабра Беларускага саюза мастакоў з 1967 г. У мастацкіх выстаўках удзельнічае з 1961 г.
У 1974-1975 гг. — адказны сакратар праўлення Беларускага саюза мастакоў, у 1982-1989 гг. — намеснік старшыні мастацкага фонду Беларускага саюза мастакоў.

Творы мастака знаходзяцца ў музеях Беларусі і прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Польшчы, Францыі.
Пайшоў з жыцця ў 2019 годзе.