Выстава графікі Яўгена Куліка (1937-2002) прысвечаная 80-годдзю з дня нараджэння мастака

30 кастрычніка–02 снежня

Яўген Кулік31.10.1937
12.01.2002

Запрашальнік

Прэс-рэліз

30 кастрычніка 2018 года у 17.00 у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца адкрыццё выстаўкі графікі выдатнага беларускага мастака і грамадскага дзеяча Яўгена Сяргеевіча Куліка, прысвечанай 80-годдзю з дня яго нараджэння. На выстаўцы дэманструюцца больш за 80 працаў, створаных мастаком на працягу 1956–2001 гадоў, выкананых у розных тэхніках графікі – малюнкі алоўкам і тушшу, пастэлі, акварэлі, лінарыты. Шырокі дыапазон тэм і сюжэтаў твораў выстаўкі: гэта і зробленыя з натуры пранікнёныя пейзажныя замалёўкі цэркваў, курганоў, млыноў, і малюнкі-рэканструкцыі беларускіх замкаў, і вобразы беларускіх князёў і ваяроў — Усяслава Чарадзея, Давыда Гарадзенскага, і паўстанцаў 1863 года, і асветнікаў — Еўфрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага. Кніжная графіка прадстаўлена ілюстрацыямі да “Слова пра паход Ігараў” і паэмы Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра». Усе творы прасякнуты агульнай стрыжнёвай ідэяй, шчырым і адданым служэннем беларускаму адраджэнню, што з’яўлялася творчым крэда мастака на працягу ўсяго яго жыцця.

Спадчына Яўгена Куліка займае пачэснае месца сярод здабыткаў беларускага мастацтва другой паловы ХХ стагоддзя. Бясспрэчны яго велізарны ўклад у абуджэнне і захаванне для нашчадкаў гістарычнай памяці. Дзякуючы руплівай працы Яўгена Куліка і намаганням яго аднадумцаў-паплечнікаў, у 80–90-я гады мінулага стагоддзя былі здзейснены шматлікія імпрэзы і выстаўкі па ўшанаванні і вяртанні з небыцця імёнаў слаўных дзеячоў беларускай культуры, змагароў і асветнікаў, мастакоў і паэтаў — Міколы Гусоўскага, Алаізы Пашкевіч (Цёткі), Кастуся Каліноўскага, Пётры Сергіевіча, Язэпа Драздовіча ды іншых. Многім з іх Яўген Кулік прысвяціў свае графічныя творы, пададзеныя на гэтай выстаўцы. Шэраг працаў мастака паказаны тут упершыню. Выстаўка, якая будзе дзейнічаць да 2 снежня 2018 года, з’яўляецца данінай памяці сапраўднаму майстру, ушанаваннем яго неацэннага ўнёска ў развіццё айчыннага мастацтва ХХ стагоддзя. Выстаўка будзе цікавай для ўсіх, хто неабыякавы да беларускай гісторыі і культуры.