Выстава, прысвечаная 100-годдзю абвяшчэння незалежнасці БНР

03 красавіка–15 красавіка

Дарагія сябры! Рады паведаміць вам, што 4 красавіка 2018 г., а 17 гадзіне ў Палацы мастацтва (г. Мінск, вул. Казлова 3) адбудзецца адкрыццё выставы, прысвечанай 100-годдзю абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Выстава адбудзецца ў межах святочных мерапрыемстваў, прысвечаных 100-годдзю абвяшчэння Беларускай Народный Рэспублікі. Фармат выставы прадугледжвае самы шырокі спектр сучасных выяўленчых сродкаў без абмежавання часу стварэння твораў.

Сімвалічна, што назва выставы ўтрымлівае ў сабе вельмі пашыраны і актуальны ў наш час тэрмін. У абагуленым сэнсе “код” – уваходныя дадзеныя, якія прадстаўляюць пэўную інфармацыю для счытвання ў зручным і зразумелым для атрымальніка выглядзе. Апрача таго, з шэрагу яго вызначэнняў, “код” – камбінацыя лічбаў і літар, што пазначае пэўны аб’ект дзеля адрознення яго ад іншых падобных аб’ектаў. У навуцы добра вядомае паняцце “генетычнага коду” – паслядоўнасці запісу клеткавай інфармацыі, якая дазваляе нам існаваць менавіта ў выглядзе чалавека. У культуры “код” — таксама зашыфраваная ў нейкай форме інфармацыя, што ідэнтыфікуе культуру як унікальную. Культурны код вызначае набор выяў, якія злучаны з якім-небудзь комплексам стэрэатыпаў у свядомасці. Але збольшага “код” – гэта культурнае несвядомае. Не тое, што здаецца ці выразна ўсведамляецца, а тое, што прыхавана ад разумення, але выяўляецца ва ўчынках. Культурны код нацыі дапамагае разумець рэфлексіі яго носьбітаў.

Для калектыўнага несвядомага нашай нацыі 25.03.2018 – гэта зусім не шараговая паслядоўнасць лічбаў на календары. Гэта ключавы код да ўспамінаў пра тыя драматычныя падзеі, што ў сакавіку 1918 года запусцілі незваротны працэс, вынікам якога і сталася існаванне на сучаснай мапе свету дзяржавы Рэспубліка Беларусь.

У выставе, якая прапануецца гледачу, беларускія мастакі розных пакаленняў прадэманструюць, што мары і ідэалы заснавальнікаў Беларускай Народнай Рэспублікі і сёння, быццам паходня, асвятляюць іх шлях, матывуючы на стварэнне твораў, якія, аддаючы належную даніну павагі гераізму і самахвярнасці бацькоў-заснавальнікаў БНР, не толькі адлюстроўваюць у той ці іншай форме падзеі стогадовай даўніны, але па свайму зместу з’яўляюцца актуальнымі развагамі мастакоў аб складанасцях часу, яго новых сэнсах і выкліках, будучым лёсе нашай краіны.


Фота Георгія Ліхтаровіча


Фота Георгія Ліхтаровіча


Фота Георгія Ліхтаровіча


Фота Георгія Ліхтаровіча


Фота Георгія Ліхтаровіча


Фота Георгія Ліхтаровіча


Фота Георгія Ліхтаровіча


Фота Георгія Ліхтаровіча


Фота Георгія Ліхтаровіча


Фота Георгія Ліхтаровіча