Выстава «Праўда пра Курапаты. Факты, дакументы, сведчанні»

22 лютага–28 лютага

Марат Гаравы

У Палацы мастацтва з 22.02 па 28.02.2017 адбылася II дакументальна-мастацкая выстава «Праўда пра Курапаты. Факты, дакументы, сведчанні», арганізаваная грамадскай ініцыятывай «Эксперты ў абарону Курапатаў» разам з суполкай «Пагоня» Беларускага саюзу мастакоў.
За шэсць дзён выставу наведалі больш за 4 тысячы жыхароў Беларусі і замежных гасцей з шэрагу краінаў Еўропы. Сярод іх — сведкі трагедыі, сваякі ахвяраў сталінізму — пляменніца паэта Алеся Дудара і праўнук першага народнага артыста Беларусі Уладзіслава Галубка.

Сярод іншаземных гасцей выставы былі знакаміты кінарэжысёр Кшыштаф Занусі, першы радца амбасады Польшчы ў Мінску Марцін Вайцяхоўскі, дырэктар Польскага інстытуту ў Мінску Матэвуш Адамскі, гісторык і палітолаг, дырэктар Польскага інстытуту міжнародных справаў Славомір Дэмбскі і ягоны намеснік Яцэк Фокс, прадстаўнікі амбасады Украіны і грамадзяне гэтай краіны.

Дарэчы, у параўнанні з першай выставай, якая адбылася напрыканцы лістапада 2015 г. у Палацы мастацтва, новую экспазіцыю наведала нашмат больш родзічаў ахвяраў сталінізму, у тым ліку нашчадкаў герояў экспазіцыі. Яны прынеслі на выставу нямала дакументальных і выяўленчых сведчанняў трагедыі, што напаткала іхныя сем’і ў 1930-1940-я гады. Найбольшае ўражанне пакідаюць лісты з абласных упраўленняў КДБ Рэспублікі Беларусь пачатку 1990-х гадоў, у якіх меркаваным месцам пахавання трох расстраляных ахвяраў названыя Курапаты. Аднак пазней родзічы рэпрэсаваных атрымоўвалі іншыя лісты з абласных упраўленняў КДБ, дзе пазначалася толькі месца расстрэлу ахвяры — Мінск, а Курапаты як месца магчымага пахавання ўжо не згадвалася.

Зараз сябры ініцыятывы рыхтуюць чарговыя круглыя сталы экспертаў. Яны будуць прысвечаныя экалагічнай, у тым ліку і гідралагічнай сітуацыі ў Курапатах, а таксама адукацыйна-выхаваўчаму, у тым ліку і экскурсійнаму, патэнцыялу нацыянальнага некропалю.

Неабходна зазначыць, што на выставе былі прадстаўленыя працы на адкрыты творчы конкурс «Курапаты — народны мемарыял» пад дэвізам «Праз Курапаты — да пакаяння». Гэта 32 творы выяўленчага мастацтва 24 мастакоў, у тым ліку 7 скульптурна-ландшафтных праектаў, архітэктурны праект Цэнтру нацыянальнай памяці польскіх дойлідаў, эсэ навучэнцы Беларускага гуманітарнага ліцэю Дануты Радына, а таксама шэраг вершаў. Сярод аўтараў — паэты Валер Максімовіч, Андрэй Мельнікаў, Зміцер Захарэвіч і Алесь Разанаў, скульптары Анатоль Арцімовіч, Леў і Сяргей Гумілеўскія, Гэнік Лойка і Алесь Сокалаў, жывапісцы Эдуард Агуновіч, Уладзімер Анішчанка, Вольга Бычко, Лявон Грышук, Мікола Бушчык, Генадзь Драздоў, Алесь Мара, Ігар Марачкін, Вольга Мокат, Віктар Мікіта, Георгій Скрыпнічэнка, Кацярына Сумарава, Анатоль Сухан, Алесь Цыркуноў, графікі Алесь Грыгор’еў, Генадзь Мацур, Усевалад Свентахоўскі, Алесь Суша і Алег Усціновіч.

Хацеў бы выказаць падзяку за падрыхтоўку, падтрымку і асвятленне выставы актывістам нашай ініцыятывы Валянціне Вяргей, Валянціне Свяцкай, Зінаідзе Тарасевіч, Вацлаву Арэшку, Вінцуку Вячорку, Аляксею Галічу, Генадзю Драздову, Змітру Захарэвічу, Аляксею Марачкіну і Алесю Макаву, старшыню суполкі «Пагоня» Ігару Марачкіну і ягоным паплечнікам, старшыню Беларускага саюзу мастакоў Рыгору Сітніцу, архітэктару Раману Забелу, вадзілу Уладзімеру Мышко, журналістам Галіне Абакунчык, Паўліне Скурко, Аляксею Аляксандраву, Генадзю Барбарычу, Любові Каспяровіч, Каці Маркоўскай, Алесю Кіркевічу і Паўлу Свярдлову, незалежным медыям: Белсату, Радыё Свабода, Радыё Рацыя, Еўрарадыё, Хартыі-97, Салідарнасці, БелаПАН, Новаму часу, Нашай ніве, Народнай волі і Свободным новостям Снплюс, калектыву Палацу мастацтваў, грамадскім аб’яднанням — Беларускай асацыяцыі журналістаў, Саюзу беларускіх пісьменнікаў, Таварыству беларускай школы, Цэнтру Супольнасць і ГА «Дыярыуш», прафсаюзу РЭП, Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі, Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій, Грамадскаму электроннаму архіву «Вытокі», Арт Cядзібе і Праваабарончаму цэнтру «Вясна», а таксама сведкам трагедыі, якія падзяліліся сваімі ўспамінамі пра падзеі ў Курапатах.

Такім чынам, выстава стала сапраўды народнай па колькасці структураў грамадзянскай супольнасці і грамадзянаў, што падтрымалі творчую акцыю, а таксама дзякуючы велізарнай цікавасці з боку грамадства: людзі прыходзілі за паўгадзіны да адкрыцця, некаторыя наведвалі экспазіцыю двойчы, кожны дзень даводзілася прасіць наведнікаў пакінуць залу пасля заканчэння працоўнага дня ў Палацы мастацтва, было шмат моладзі і студэнтаў, у тым ліку арганізаваныя групы з тэхналагічнага і мэдычнага ўніверсітэтаў.
Гэта сведчыць, што з кожным днём усё больш беларусаў успрымаюць Курапаты як нацыянальную святыню.

Вялікі дзякуй ім за гэта.

Выстава “Праўда пра Курапаты” вяртаецца ў Менск